28 верасня, Кішынёў /Андрэй Гусін - БЕЛТА/. Дні культуры Беларусі у Малдове адбудуцца з 30 верасня па 2 кастрычніка, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў пасольстве Беларусі ў Малдове. Яны адкрыюцца ў Кішынёве з выстаўкі габеленаў "Каляровая нізка" і канцэрта з удзелам Беларускага дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі "Свята" ў Нацыянальнай філармоніі імя С.Лункевіча.
Выступленне ансамбля адбудзецца 1 кастрычніка ў паўночнай сталіцы Малдовы - горадзе Бэлць у мясцовым Палацы культуры. У гэты ж дзень у Кішынёве ў Цэнтры культуры і мастацтва Odeon адбудзецца паказ беларускіх фільмаў. Гледачы ўбачаць карціны "Белыя росы. Вяртанне" і "Сляды апосталаў".
2 кастрычніка ў Odeon адбудуцца прэзентацыя анімацыйных фільмаў студыі "Беларусьфільм", а таксама паказ мастацкага фільма "Брэсцкая крэпасць".
У праграме Дзён культуры Беларусі ў Малдове запланавана таксама сустрэча афіцыйных асоб Беларусі з кіраўніцтвам арганізацый беларускай дыяспары ў Малдове, якая пройдзе ў будучым Беларускім культурным цэнтры, што ствараецца на базе беларуска-малдаўскага СП "Керамін-груп".
Дамоўленасць аб правядзенні Дзён культуры Беларусі ў Малдове восенню 2015 года была дасягнута па выніках праведзенага ў Мінску 15 ліпеня пасяджэння міжурадавай беларуска-малдаўскай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Вырашана, што ў 2016 годзе ў Беларусі пройдуць Дні культуры Малдовы.