18 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Фільмы Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" удастоены ўзнагарод на XX Міжнародным фестывалі "Кіно - дзецям" у Самары (Расія), паведамілі БЕЛТА на кінастудыі.
Поўнаметражны ігравы фільм "Неверагоднае перамяшчэнне" рэжысёра Аляксандра Анісімава адзначаны дыпломам дзіцячага калектыўнага журы "За арыгінальны сюжэт, гумар і шчырасць". Работа студыі спецыяльных кінапраектаў "Беларускі відэацэнтр" - дакументальны фільм "Захавальнікі спадчыны" (рэжысёр Генадзь Рабцаў) атрымала дыплом "За ўдзел у міжнароднай праграме". Яшчэ адна работа студыі спецыяльных кінапраектаў "Беларускі відэацэнтр" удастоена дыплома фестывалю "За ўдзел у фестывальнай праграме "На славу Айчыны", прысвечанай 70-годдзю Вялікай Перамогі". Гэта дакументальны фільм "Смерш. Радыёгульня "Сябры" (рэжысёр Яўген Сяцько).
Міжнародны фестываль "Кіно - дзецям" арганізаваны ў 1996 годзе з мэтай далучэння падрастаючага пакалення да дасягненняў сусветнага дзіцячага кінематографа, выхавання культуры кінаўспрымання і выяўлення новых дасягненняў у дзіцячым кіно. Фестывальныя паказы прайшлі не толькі ў Самары, але і па ўсёй вобласці, у самых аддаленых раёнах і вёсках, у агульнай колькасці на 134 пляцоўках.