18 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускі вучоны ўпершыню ўдастоены высокай узнагароды "Заходняе возера Дружба" Народнага ўрада кітайскай правінцыі Чжэцзян. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Узнагароду атрымаў загадчык лабараторыі Навукова-даследчага інстытута фізіка-хімічных праблем БДУ Дзмітрый Грыншпан. Высокую ацэнку вучоны атрымаў за значны ўклад у рэалізацыю сумеснага навукова-даследчага праекта па распрацоўцы тэхналогіі па вытворчасці біяраскладальных плёнак, а таксама развіццё навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва з установамі правінцыі.
Дзмітрый Грыншпан удзельнічаў у выкананні двух сумесных з Чжэцзянскім універсітэтам праектаў па стварэнні біядэградуемых харчовых упаковачных матэрыялаў (плёнак) і па даследаванні прадуктаў біядэградацыі прыроднага палімера хіціну. Паспяховае іх завяршэнне дало магчымасць пачаць выкананне наступных двух новых навуковых праектаў па атрыманні і даследаванні якасцей ядомых плёнак для ўпакоўкі прадуктаў харчавання. Размова ідзе пра трывалыя, але поўнасцю раскладальныя ў арганізме чалавека плёнкі, здольныя забяспечыць эфектыўную ахову прадуктаў ад мікробных паражэнняў і ўздзеяння кіслароду пры захоўванні. Стварэнне новых безадходных тэхналогій з'яўляецца адным з перспектыўных напрамкаў у вырашэнні глабальнай праблемы аховы навакольнага асяроддзя.
Памятны знак узнагароды, выкананы ў выглядзе пазалочанага медаля, уручыў віцэ-губернатар правінцыі Чжэцзян Уанг Джанпінг. Беларускі вучоны ўвайшоў у лік 35 лепшых замежных экспертаў з 39 тыс. экспертаў 18 краін, якія працуюць у правінцыі.
Узнагарода "Заходняе возера Дружба" прысуджаецца замежным вучоным, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё адукацыі, навукі і культуры правінцыі Чжэцзян.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|