3 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Адноўленую па старажытных тэхналогіях Біблію Францыска Скарыны прадставілі ў Мінску. Прэзентацыя адбылася ў час прэс-канферэнцыі, прысвечанай правядзенню Дня пісьменства ў Заслаўі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Унікальнае выданне - на самаробнай паперы з беларускага лёну на адноўленым па гравюрах XVI стагоддзя станку. Для вытворчасці выданняў былі адліты спецыяльныя матрыцы і формы, як некалі рабіў сам Скарына. Пакуль удалося надрукаваць усяго 7 экзэмпляраў.
Першапачаткова для кніг планаваўся скураны пераплёт, але з-за гэтага выданне магло страціць сваю аўтэнтычнасць. Таму вырашылі абраміць Біблію ў мяккі пераплёт. А каб яна глядзелася арганічна, для яе заказалі вялікі футляр, накшталт шкатулкі.
Некаторыя экзэмпляры нават размалявалі - вокладку праілюстраваў вядомы мастак Барыс Цітовіч. Матывы арнаменту ўзяты са скарынаўскіх кніг.
Расійскія і беларускія эксперты высока ацанілі якасць кнігі. "Біблія мала чым адрозніваецца ад арыгінала. Гэта не факсімільнае выданне, а менавіта адноўленая кніга", - падкрэсліў аўтар праекта Уладзімір Ліхадзедаў.
Кошт Бібліі не раскрываецца. Набыць выданне пакуль таксама нельга. Аднак, на думку Уладзіміра Ліхадзедава, такая кніга павінна прысутнічаць у вядучых бібліятэках і музеях краіны.
Маштабная прэзентацыя Бібліі Францыска Скарыны, надрукаванай па старажытных тэхналогіях, пройдзе ў Заслаўі ў час Дня пісьменства. На свяце можна будзе таксама ўбачыць дзеючы друкарскі станок XVI стагоддзя і станок пачатку ХХ стагоддзя, а таксама старажытны спосаб вытворчасці паперы.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|