Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Фота | ЗДАБЫТАК БЕЛАРУСІ: народны мастак Міхаіл Савіцкі

ЗДАБЫТАК БЕЛАРУСІ: народны мастак Міхаіл Савіцкі

ЗДАБЫТАК БЕЛАРУСІ: народны мастак Міхаіл Савіцкі
18 Сак 2017

У 2017 годзе спаўняецца 95 гадоў з дня нараджэння народнага мастака, акадэміка, педагога, лаўрэата шматлікіх прэмій, першага кавалера ордэна Францыска Скарыны і ўладальніка звання Героя Беларусі – Міхаіла Савіцкага.

Надзвычай таленавіты жывапісец і сапраўды ўнікальны чалавек, ён увайшоў у гісторыю сусветнага мастацтва ХХ стагоддзя як аўтар пранізлівых цыклаў карцін: "Беларусь партызанская", "Лібчы на сэрцы", "Чорная быль",  "Запаветы блажэнства", "XX стагоддзе", эпахальных палотнаў "Партызаны", "Рэквіем" і, вядома, "Партызанская мадонна"

Жыццё і творчасць Міхаіла Савіцкага па волі лёсу перапляліся з галоўнай трагедыяй беларускага народа ў ХХ стагоддзі. Яшчэ 20-гадовым юнаком будучы мастак адправіўся на фронт і ваяваў у радах Чырвонай Арміі, спазнаў усе жахі Вялікай Айчыннай вайны, прайшоў праз фашысцкія лагеры смерці Дзюсельдорф, Бухенвальд, Дахау… І цудам выжыў, калі ў красавіку 1945-га 17 пакутлівых дзён правёў у смяротным тыфозным бараку пасля арышту за арганізацыю спробы ўцёкаў вязняў.

Пасля вайны ўраджэнец вёскі Звянячы недалёка ад Віцебска – горада легендарных Марка Шагала і Казіміра Малевіча – Міхаіл Савіцкі прысвяціў сябе мастацтву. У 1951 годзе паступіў у Мінскае мастацкае вучылішча, затым скончыў Сурыкаўскі інстытут у Маскве. Вярнуўшыся на радзіму, у 1980-м стаў кіраўніком Творчай майстэрні жывапісу Акадэміі мастацтваў СССР у Мінску.

Шырокую вядомасць і славу аднаго з выдатных майстроў "суровага стылю" ўжо саракагадоваму Міхаілу Савіцкаму прынесла карціна "Партызаны" (1963), у якой увасоблены новы – глыбока асабісты і сумленны – погляд на ваенную тэму ў беларускім мастацтве. У 1960-я гады трагедыя вайны ў яго творчасці выйшла на першы план, а ў асяроддзі інтэлігенцыі пачалі гаварыць аб нараджэнні новага імя, самабытнага мастака са сваім крэда і ўнікальным почыркам.

Адной з самых значных работ гэтага перыяду стала "Партызанская мадонна" (1967), створаная на ўзор рафаэлеўскай "Сіксцінскай мадонны" і прысвечаная мацярынству як вечнаму сімвалу жыцця. Аднак у цэнтры ўвагі беларускага жывапісца зусім не біблейскія персанажы, а людзі, якія сталі сведкамі "карычневай чумы" на роднай зямлі, – жанчыны з дзецьмі, зняможаныя старыя і параненыя салдаты…

Прадоўжыла ваенную тэму знакамітая серыя 16 палотнаў пад назвай "Лічбы на сэрцы" (1974–1980), прысвечаная жахам нямецкіх канцлагераў, а таксама палотны "Віцебскія вароты" (1967), "Поле" (1974), "Плач па загінулых героях" (1974) і трыпціх "Агрэсія" (1984). Дарэчы, менавіта ў гэты час – у 1972-м – мастак стварыў экспрэсіўную тэмперную размалёўку для Музея Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску.

Праз гады майстар манументальнага жывапісу звярнуўся да яшчэ адной трагічнай тэмы ХХ стагоддзя не толькі для Беларусі, але ўсяго свету – Чарнобыльскай катастрофы. Серыя "Чорная быль" (1987-1992) удастоена залатога медаля Акадэміі мастацтваў БССР. Да 20-годдзя аварыі на ЧАЭС унікальная выстава гэтых карцін – "Рэквіем", "Чарнобыльская мадонна", "Эвакуацыя", "Пакінутыя", "Крыж надзеі", "Доля", "Відушчы", "Алегорыя Чарнобыля" – экспанавалася ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі

ЗДАБЫТАК БЕЛАРУСІ: народны мастак Міхаіл Савіцкі
ЗДАБЫТАК БЕЛАРУСІ: народны мастак Міхаіл Савіцкі
Міхаіл Савіцкі. Гадавіна спаленай вёскі, 1984 год
У майстэрні ў Міхаіла Андрэевіча Савіцкага 
Мінск, 30 ліпеня 1982 года
Міхаіл Савіцкі ля сваёй новай карціны "Гадавіна спаленай вёскі". 24 жніўня 1984 года
1 2 3 4 5  [6..6]      Наступная