Свята ліхтароў "Юаньсяацзэ" прайшло 10 лютага ў галоўнай ВНУ краіны – Беларускім дзяржаўным універсітэце. Урачыстасць знамянуе заканчэнне традыцыйнага Новага года па лунным календары (Свята вясны). У яго гонар адбыўся канцэрт, падрыхтаваны выкладчыкамі і слухачамі Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя (РІКК) БДУ, а таксама навучэнцамі мінскіх школ і гімназій, якія вывучаюць кітайскую мову.
У рамках свята адбылося ўзнагароджанне пераможцаў і ўдзельнікаў конкурсу дзіцячай творчасці "Як я бачу Кітай", арганізаванага РІКК БДУ. Усяго члены журы ацанілі больш за 70 работ – малюнкаў, фотаздымкаў і вырабаў, прадстаўленых вучнямі сярэдніх школ і гімназій з усёй краіны.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел рэктар БДУ акадэмік Сяргей Абламейка, дырэктар інстытута Канфуцыя Анатоль Тозік, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол КНР у Беларусі Цуй Цымін, а таксама прадстаўнікі Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ.
Фота: Аксана Манчук