Знакамітае свята – Масленіцу – адзначылі ў Беларусі. Са старажытных часоў кожны дзень гэтага сімвалічнага тыдня мае сваю назву і напоўнены прыгожымі абрадамі: "Сустрэча" Масленіцы, "Зайгрыш", калі пачынаюць віншаваць адзін аднаго, "Ласуха", калі пачастункаў і гасцей становіцца ўсё больш, "Цешчыны вячоркі" і "Залвіцы пасядзелкі", "Даравальная нядзеля"… Па традыцыі, галоўныя стравы на Масленіцу – бліны і аладкі, сыр і масла, якім беларусы здаўна надавалі асаблівае значэнне. Бліны сімвалізуюць сонца і набліжаюць надыход вясны, а сыр і масла "прыцягваюць" багацце… І сёння Масленіца застаецца адным з самых любімых народных свят. Па ўсёй Беларусі разгарнуліся вясёлыя гулянні са старадаўнімі абрадамі і спальваннем пудзіла зімы, гульні, тэатралізаваныя паказы, і, вядома, кірмашы, дзе можна было пакаштаваць самыя смачныя масленічныя бліны.