13 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. З'яўленне Дня народнага адзінства ў беларускім календары з'яўляецца ўсталяваннем справядлівасці, заявіў сёння журналістам загадчык аддзела навейшай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН кандыдат гістарычных навук Сяргей Траццяк, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"З'яўленне Дня народнага адзінства ў нашым календары лічу ўсталяваннем справядлівасці", - сказаў Сяргей Траццяк.
Паводле яго слоў, падзеі восені 1939 года заклалі фундамент беларускай дзяржавы, у якой мы сёння жывём. "Калі б не было падзей 17 верасня - 14 лістапада 1939 года, мы жылі б у зусім іншай Беларусі", - адзначыў загадчык аддзела.
Сяргей Траццяк упэўнены: аб гэтых падзеях трэба пастаянна ўспамінаць. "Пісаць трэба пра гэта. Пра тое, што народ практычна два дзесяцігоддзі існаваў у раз'яднанні і помніў, што ён адзіны народ. Аб гэтым трэба ўспамінаць і нагадваць кожны дзень", - дадаў ён.