Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

4 Врс 2019

Зась: узаемаадносіны з НАТА не ідуць ва ўрон супрацоўніцтву Беларусі з Расіяй

Зась: узаемаадносіны з НАТА не ідуць ва ўрон супрацоўніцтву Беларусі з Расіяй

4 верасня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Узаемаадносіны Беларусі з блокам НАТА, у тым ліку краінамі-суседзямі, развіваюцца не ва ўрон супрацоўніцтву з Расіяй. Аб гэтым 4 верасня заявіў журналістам дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Беларусі Станіслаў Зась, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Нельга гаварыць, што мы, дапусцім, сабраліся ў Варшаве (сустрэча з удзелам высокіх прадстаўнікоў ЗША, Польшчы і Украіны, якія адказваюць за пытанні бяспекі. - Заўвага БЕЛТА) і там размаўлялі супраць кагосьці або інтрыгі там плялі. Ні ў якім разе. Нашы партнёры добра ведаюць, і там таксама аб гэтым гаварылася, што Расія - наш стратэгічны саюзнік і партнёр. І нашы ўзаемаадносіны ні з блокам НАТА, ні з нашымі суседзямі, яны не ва ўрон супрацоўніцтву з Расійскай Федэрацыяй. Мы развіваем кантакты і з нашымі заходнімі суседзямі, і з Расіяй", - падкрэсліў Станіслаў Зась.

Ён расказаў, што на наступным тыдні ў Беларусь прыедзе сакратар Савета бяспекі Расіі Мікалай Патрушаў. "Гэта планавая паездка. Яна ні ў якім разе не ўвязана з нейкімі міжнароднымі падзеямі. У нас вынесены для абмеркавання пэўныя пытанні, увогуле яны недзе карэлююцца (з тым, што абмяркоўвалася ў Варшаве. - Заўвага БЕЛТА): і па стане міжнародных механізмаў кантролю над узбраеннямі, і па забеспячэнні інфармацыйнай бяспекі. Нельга гэтыя пытанні вырашаць толькі з адным вектарам. Важна выбудоўваць дыялог менавіта з усімі ўдзельнікамі ў гэтым рэгіёне", - сказаў дзяржсакратар Савета бяспекі.

Станіслаў Зась расказаў, што сустрэча ў Варшаве ў канцы жніўня адбылася па ініцыятыве замежных партнёраў. Былі праведзены двухбаковыя сустрэчы з калегамі з Украіны і Польшчы, а таксама ў складзе прадстаўнікоў чатырох краін, уключаючы Беларусь і ЗША.

Абмяркоўваліся перш за ўсё пытанні забеспячэння бяспекі ва Усходне-Еўрапейскім рэгіёне, закраналіся і больш глабальныя тэмы. "Ішла размова і па Дагаворы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці (ДРСМД), перспектывах дагавора СНВ-III (паміж Расіяй і ЗША аб мерах па далейшым скарачэнні і абмежаванні стратэгічных наступальных узбраенняў. - Заўвага БЕЛТА)", - расказаў дзяржсакратар Савета бяспекі.

Акрамя таго, уздымаліся тэмы нераспаўсюджання ядзерных матэрыялаў, процідзеяння трансгранічнай злачыннасці, падтрымання інфармацыйнай бяспекі. "У нас з ЗША існуе праграма менавіта ў галіне кантролю за нераспаўсюджаннем ядзерных матэрыялаў. Дзякуючы гэтай праграме мы атрымалі магчымасць аснасціць пункты пропуску тэхнікай, якая дае магчымасць гэта кантраляваць. Вельмі важная задача, і мы прапанавалі прадоўжыць работу праграмы і, больш таго, пашырыць яе на ўвесь рэгіён. У тым ліку на Украіну і Польшчу. Таму што гэта агульная бяспека", - падзяліўся падрабязнасцямі Станіслаў Зась.

У цэлым ён назваў сустрэчу ў Варшаве карыснай: "Мы атрымалі магчымасць выказаць свае ацэнкі, пачулі нашых партнёраў, суседзяў, з якімі ў нас агульная граніца, гісторыя, ды і ўзаемаадносіны даволі цесныя".

Ішла размова і па тэме ўзаемаадносін Беларусі з НАТА. "Мы пацвярджаем, што зацікаўлены ў развіцці гэтага супрацоўніцтва. Вітаем, што нарэшце зняты абмежаванні на кантакты прадстаўнікоў высокага ўзроўню паміж блокам НАТА і Беларуссю. Гэта неабходна для таго, каб будаваліся адносіны", - падкрэсліў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі.

Абмяркоўвалася таксама пытанне канфлікту, што прадаўжаецца ва Украіне. "Гэты фактар ​​аказвае сур'ёзны ўплыў на бяспеку ўсяго рэгіёна. Усе ўдзельнікі дыялогу пацвярджаюць, што эфектыўнасць перагаворнага працэсу ў "нармандскім фармаце" невысокая. Абмяркоўваліся перспектывы гэтага перагаворнага працэсу, у тым ліку магчымасць па пашырэнні колькасці ўдзельнікаў, падключэнне ЗША да гэтага працэсу. Зразумела, што трэба рухацца далей. І Беларусь пацвердзіла свае пазіцыі, што мы бачым толькі адзін шлях урэгулявання гэтага канфлікту - палітыка-дыпламатычнымі метадамі", - сказаў Станіслаў Зась.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі