Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

2 Крс 2020

Сямашка: расійская нафта будзе пастаўляцца без прэміі, але Беларусь не адмовіцца ад альтэрнатыўных крыніц

Сямашка: расійская нафта будзе пастаўляцца без прэміі, але Беларусь не адмовіцца ад альтэрнатыўных крыніц
Фота з архiва

2 красавіка, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Расійская нафта будзе пастаўляцца ў Беларусь без выплат прэміі пастаўшчыкам, пры гэтым беларускі бок не адмовіцца ад альтэрнатыўных варыянтаў закупак сыравіны. Аб гэтым у інтэрв'ю "Российской газете" сказаў пасол Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

"Зусім нядаўна нам удалося знайсці ўзаемапрымальнае рашэнне на бягучы 2020 год па ўмовах паставак расійскай нафты ў Беларусь, - адзначыў пасол. - Гэта рашэнне заснавана на зніжэнні прэміі расійскіх нафтавых кампаній у формуле цаны на нафту на $7 за тону. Астатняя частка прэміі ў памеры $4,7 за тону будзе кампенсавана ў рамках міжбюджэтных адносін Беларусі і Расіі. Таму чакаем, што ў астатнюю частку года нам удасца хутка нарасціць аб'ёмы паставак і выйсці па 2020 годзе на лічбы, блізкія да тых, што планаваліся першапачаткова".

Пры гэтым Уладзімір Сямашка заўважыў, што выключэнне прэміяльных выплат з цэнаўтварэння на нафту, што пастаўляецца ў Беларусь, вырашае праблему толькі бягучага года, ды і тое калі цана нафты не перасягне ў гэтым годзе $40-45 за бараль. "У далейшым, вырашаючы задачу стварэння адзінага рынку нафты і нафтапрадуктаў Саюзнай дзяржавы, беларускія і расійскія НПЗ павінны мець абсалютна аднолькавыя ўмовы кампенсацыі выдаткаў ад падатковага манеўру", - падкрэсліў ён.

"Безумоўна, большую частку з патрабуемага аб'ёму нафты мы будзем атрымліваць з Расіі, паколькі тут немалаважную ролю адыгрываюць і зручнасць лагістыкі, і тэхналагічная арыентацыя беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў на перапрацоўку нафты сорту Urals, - звярнуў увагу дыпламат. - Але разам з тым кіраўніцтву канцэрна "Белнафтахім" пастаўлена задача нарошчваць аб'ёмы ўласнай здабычы нафты з праверанымі часам замежнымі партнёрамі і шукаць альтэрнатыўныя крыніцы пастаўкі нафты, каб у далейшым не трапляць у складаныя сітуацыі".

Уладзімір Сямашка таксама выказаўся ў аптымістычным ключы наконт стварэння аб'яднаных энергетычных рынкаў. "Па-першае, агульныя рынкі нафты і нафтапрадуктаў, газу і агульны электраэнергетычны рынак у нас прадугледжаны Дагаворам аб Еўразійскім эканамічным саюзе, - растлумачыў ён. - Мы плануем іх стварыць, як вядома, да 2025 года. У рамках Еўразійскага эканамічнага саюза прыняты адпаведныя праграмныя дакументы. Акрамя гэтага ў мінулым годзе мы зрабілі спробу распрацаваць і прыняць дарожныя карты па фарміраванні аб'яднаных рынкаў газу, нафты і нафтапрадуктаў і электраэнергіі, а таксама па развіцці атамнай энергетыкі ў рамках Саюзнай дзяржавы са значна больш сціслымі тэрмінамі. У час перагаворнага працэсу мы ўбачылі агульнае жаданне як Рэспублікі Беларусь, так і Расійскай Федэрацыі сфарміраваць гэтыя рынкі. Рознагалоссі застаюцца толькі ў падыходах бакоў да асобных элементаў метадалогіі фарміравання аб'яднаных рынкаў, прынцыпаў іх функцыянавання. Над гэтым мы прадаўжаем працаваць цяпер".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі