13 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Будаўніцтва АЭС у Астраўцы выгадна для эканомікі Беларусі, заявіў сёння журналістам намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка на палях сёмай сесіі Нарады бакоў Канвенцыі Эспа, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Уладзімір Сямашка звярнуў увагу, што сёння 95 працэнтаў выпрацоўкі электраэнергіі прыпадае на газ, пасля запуску АЭС 27-28 працэнтаў выпрацоўкі будзе прыпадаць на атамную энергію. Гэта дапаможа Беларусі ў дыверсіфікацыі крыніц энергіі. "Атамная станцыя больш выгадная, чым прыродны газ", - лічыць віцэ-прэм'ер.
Акрамя таго, Беларусь развівае сонечную і ветраэнергетыку, гідраэнергетыку. Паводле інфармацыі Уладзіміра Сямашкі, ужо рыхтуюцца да запуску Віцебская і Полацкая ГЭС. "Гэта ўсё альтэрнатыва вуглевадароду. Таму мы абсалютна правільна і ўсвядомлена прынялі рашэнне аб будаўніцтве атамнай станцыі", - падкрэсліў ён.
Пры выбары праекта для будаўніцтва АЭС Беларусь вывучала шмат варыянтаў, але спынілася на расійскай прапанове. Гэта самы надзейны праект, дзе спалучаюцца актыўныя і пасіўныя сістэмы бяспекі, канстатаваў Уладзімір Сямашка.
Беларуская АЭС - праект па будаўніцтве атамнай электрастанцыі новага пакалення "тры плюс" з двума энергаблокамі ВВЭР-1200, які рэалізуецца за 18 км ад Астраўца (Гродзенская вобласць). Першы энергаблок плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў 2019 годзе, другі - у 2020-м.