29 чэрвеня, Пекін /Кар. БЕЛТА/. Беларуска-кітайскія адносіны перажываюць гістарычны пік. Аб гэтым заявіў Старшыня КНР Сі Цзіньпін у ходзе рабочай сустрэчы ў Пекіне з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мне вельмі прыемна зноў прымаць вас, мой дарагі сябар. Я вельмі рады вас бачыць. Мы часта сустракаемся, размаўляем, вельмі своечасова вядзём самы аб'ёмны дыялог па самых розных пытаннях", - звярнуўся Сі Цзіньпін да Аляксандра Лукашэнкі.
Ён звярнуў увагу, што Мінск і Пекін развіваюць усепагоднае і ўсебаковае стратэгічнае партнёрства. "Кітай і Беларусь - жалезныя сябры. Нашы адносіны вытрымалі любыя выпрабаванні міжнароднай турбулентнасці, і наша дружба толькі ўмацоўваецца. Наша з вамі супрацоўніцтва мае шматпланавы характар, ідзе ў нагу з часам і пастаянна прыносіць новыя рэзультаты. Беларуска-кітайскія адносіны перажываюць гістарычны пік, - заявіў Сі Цзіньпін. - У міжнародных справах мы таксама пастаянна знаходзімся ў цесным кантакце".