15 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Развіццё супрацоўніцтва Беларусі і Ірана характарызуецца канкрэтнымі справамі і лічбамі. Аб гэтым заявіў міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў на сустрэчы з міністрам замежных спраў Ірана Абасам Аракчы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Вельмі добра, што па ўсіх напрамках супрацоўніцтва рух наперад ёсць. Ён характарызуецца канкрэтнымі справамі і канкрэтнымі лічбамі", - сказаў Максім Рыжанкоў. Кіраўнік МЗС адзначыў, што цяперашняя двухбаковая сустрэча можа прывесці адносіны Мінска і Тэгерана да яшчэ больш уражальных вынікаў.

Максім Рыжанкоў звярнуў увагу, што праведзеная раней у гэты ж дзень сустрэча Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніком МЗС Ірана прайшла ў добразычлівай атмасферы, а размова атрымалася "практыкаарыентаванай".

"Шэраг вельмі цікавых, важных і нават маштабных ініцыятыў быў разгледжаны. Мы ўсе разумеем, як нам рухацца ў нашых адносінах", - канстатаваў кіраўнік МЗС Беларусі.
Максім Рыжанкоў дадаў, што міністры замежных спраў Беларусі і Ірана маюць дастаткова добрую гісторыю двухбаковых сустрэч і абмену меркаваннямі на розных міжнародных пляцоўках. "ШАС, БРІКС, Рух недалучэння - мы з вамі ўсюды вызначаем нейкія новыя напрамкі для супрацоўніцтва, - падкрэсліў ён. - Я вельмі рады, што некалькі месяцаў таму ва Угандзе на сустрэчы міністраў (замежных спраў. - Заўвага БЕЛТА) Руху недалучэння мы дамовіліся, што вы праведзяце афіцыйны візіт у Мінск".