15 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Адносіны Беларусі і Ірана заснаваны на павазе прынцыпаў суверэнітэту, міру і шматпалярнасці. Аб гэтым журналістам заявіў міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў па выніках сустрэчы з міністрам замежных спраў Ірана Абасам Аракчы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Наш дыялог прайшоў у вельмі цёплай, давернай атмасферы - менавіта так, як гэта і павінна быць паміж добрымі сябрамі і надзейнымі партнёрамі, - пракаменціраваў сустрэчу Максім Рыжанкоў. - Мы пацвердзілі высокі ўзровень адносін паміж Беларуссю і Іранам, заснаваных на павазе прынцыпаў суверэнітэту, міру і шматпалярнасці".
Паводле слоў кіраўніка МЗС Беларусі, на сустрэчы падрабязна абмяркоўвалася рэалізацыя дамоўленасцей, дасягнутых Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам і Прэзідэнтам Ірана Масудам Пезешкіянам на перагаворах у Мінску ў гэтым годзе.


"Вызначаны канкрэтныя крокі па пашырэнні сувязей у гандлёва-эканамічнай і інвестыцыйнай сферах, іншых галінах, якія ўяўляюць узаемны інтарэс, уключаючы арганізацыю экспертных сустрэч, візітаў і сумесных мерапрыемстваў, - падкрэсліў Максім Рыжанкоў. - Наша сустрэча - жывы доказ таго, што адносіны Мінска і Тэгерана развіваюцца дынамічна і паступальна, садзейнічаючы стабільнасці ў рэгіёне і на глабальнай арэне".
Ён таксама адзначыў высокі ўзровень узаемаразумення паміж Беларуссю і Іранам. Максім Рыжанкоў дадаў, што гэты дух супрацоўніцтва не толькі захоўваецца, але і напаўняецца новым зместам.
"Задаволены вынікамі праведзенага ў Тэгеране 18-га пасяджэння змешанай беларуска-іранскай камісіі па пытаннях гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Спадзяёмся, што ў бліжэйшым будучым удасца "падцягнуць" узровень развіцця двухбаковых эканамічных адносін да тых высокіх стандартаў, якія зададзены лідарамі нашых краін у рамках палітычнага дыялогу", - рэзюмаваў міністр замежных спраў Беларусі.