2 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь выбрала комплексны і эфектыўны падыход да абыходжання з радыеактыўнымі адходамі. Аб гэтым заявіў дырэктар краінавага офіса дзяржкарпарацыі "Расатам" у Беларусі Станіслаў Лявіцкі ў час круглага стала "Абыходжанне з радыеактыўнымі адходамі ў Рэспубліцы Беларусь: актуальныя пытанні" ў прэс-цэнтры БЕЛТА.
"Беларусь адразу выбрала комплексны, правільны падыход да работы па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі. У першую чаргу хацеў бы адзначыць глыбіню прапрацоўкі стратэгіі абыходжання з РАА. Наяўнасць стратэгічнага дакумента, які задае мэты, прынцыпы, абазначае ролі ўдзельнікаў працэсу, з'яўляецца неабходным для няўхільнага выканання патрабаванняў МАГАТЭ, прынцыпаў бяспекі, забеспячэння эфектыўнай работы з насельніцтвам", - сказаў Станіслаў Лявіцкі.
Калі ідэя будаўніцтва атамнай станцыі яшчэ толькі прапрацоўвалася, Беларусь ужо вывучала пытанне абыходжання з радыеактыўнымі адходамі. "Вядома, рашэнні, у якія закладзена такая грунтоўная работа, такая глыбіня прагназавання, будуць эканамічна і экалагічна эфектыўнымі і бяспечнымі. Хачу адзначыць сістэмнасць работы нашых калег", - адзначыў дырэктар краінавага офіса.
Ён таксама звярнуў увагу на тое, што паліўны дывізіён "Расатама" мае вельмі шырокі набор кампетэнцый па зборы, транспарціроўцы, абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі. "Мы стараемся заўсёды няўхільна выконваць пажаданні нашых заказчыкаў, партнёраў. У сваёй дзейнасці мы абапіраемся ў першую чаргу на міжнародны вопыт. І тыя тэхналогіі, якія мы будзем прапаноўваць Беларусі, будуць адпавядаць узроўню тэхналогій сусветных. Будзем прапаноўваць і новыя задзелы. Цяпер ёсць вялікія надзеі на моцную мінімізацыю радыеактыўных адходаў, кампактызацыю. Магчыма, у будучыні спатрэбіцца захаванне фізічна меншых аб'ёмаў адходаў. Але гэта ўжо пытанне навукова-даследчых і вопытна-канструктарскіх работ, якія мы будзем выконваць разам з калегамі", - абазначыў Станіслаў Лявіцкі.