16 студзеня, Любанскі раён /Кар. БЕЛТА/. Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч расказаў журналістам аб абстаноўцы каля граніц Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы ж бачым, што адбываецца на сумежнай тэрыторыі. Мы бачым зусім нядаўна праведзеныя амерыканцамі вучэнні на палігоне ў Пабрадзе (у Літве. - Заўвага БЕЛТА). Падраздзяленне колькасцю 900 чалавек за 15 км ад граніцы, - сказаў Аляксандр Вальфовіч. - Пралёты авіяцыі, разведка, дзеянні сіл спецыяльнага прызначэння ўздоўж нашай дзяржаўнаай граніцы".
Дзяржсакратар Савета бяспекі адзначыў, што Беларусь не праводзіць палітыку, правакуючую суседзяў да такіх дзеянняў: "Усе мерапрыемствы і вучэнні мы праводзім у глыбіні тэрыторыі нашай краіны, на аддаленых палігонах. Не правакуючы нікога і не пагражаючы нікому. Мы не павялічваем свае Узброеныя Сілы. Так, мы робім упор на якасць, утрыманне, падрыхтоўку, беражлівыя адносіны да тэхнікі".
Аляксандр Вальфовіч падкрэсліў, што Беларусь была і застаецца міралюбнай краінай, якая гатова да добрасуседскіх канструктыўных узаемаадносін і дыялогу.



