16 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне - трыумф абсалютнага дабра над абсалютным злом. Аб гэтым у праекце БЕЛТА "Сапраўдная гісторыя. Лекцыі Ігара Марзалюка" заявіў старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў, гісторык Ігар Марзалюк.
Гісторык падкрэсліў, што, калі беларус вымаўляе слова "вайна", ён мае на ўвазе Вялікую Айчынную, і нікому не патрэбны дадатковыя ўдакладненні. "Гэта вайна ўспрымаецца намі, беларусамі, як вялікая трагедыя, якая забрала жыццё кожнага трэцяга грамадзяніна краіны. Перамога ў ёй для нас усіх - гэта трыумф абсалютнага дабра над абсалютным злом. І так лічыць абсалютная большасць грамадзян. Мы ганарымся гэтай перамогай, калі плячо ў плячо стаялі ў адным страі з прадстаўнікамі іншых народаў Савецкага Саюза", - сказаў Ігар Марзалюк.
Ён адзначыў, што гэта быў калектыўны ўдзел усіх грамадзян той вялікай краіны, імя якой было СССР. "Мы разам абаранялі нашы гарады і вёскі, разам змагаліся, разам адчувалі жахі акупацыі. Мы на сваім прыкладзе, на прыкладзе сваіх блізкіх, іх успамінаў і пакут разумеем, што такое быць пад акупацыяй нацыстаў, што такое нацызм. Гэта мы памятаем выдатна. Расказваючы пра факты той вайны, мы аддаём даніну ўдзячнай памяці, гэта эмпатыя да нашых продкаў - прадстаўнікам беларускай нацыі. Без іх і іх ратных подзвігаў не было б нас з вамі", - канстатаваў гісторык.