30 кастрычніка, Доха /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. У час афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Дзяржаву Катар агучаны шэраг прапаноў беларускага боку па паглыбленні інвестыцыйнага супрацоўніцтва. Аб гэтым заявіў журналістам міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"На перагаворах размова ў першую чаргу ішла аб інвестыцыйным супрацоўніцтве. Беларускі бок зрабіў шэраг прапаноў кіраўніцтву Катара. У бліжэйшы час гэтыя прапановы будуць вывучацца. Катарская дэлегацыя на працягу месяца плануе наведаць Беларусь для таго, каб на месцы абмеркаваць магчымасць паглыблення нашага інвестыцыйнага супрацоўніцтва", - заявіў міністр.
Ён падкрэсліў, што размова ідзе аб рэалізацыі ўзаемавыгадных праектаў. Бакі таксама абмяркоўвалі перспектывы паглыблення прамысловай кааперацыі. "Ёсць рэальныя перспектывы стварэння сумесных прадпрыемстваў у Беларусі з удзелам катарскага капіталу, экспарту той прадукцыі, у якой мае патрэбу Катар", - сказаў Уладзімір Макей.
Паводле яго слоў, лідары краін таксама абмяняліся думкамі аб сітуацыі ў рэгіёне зыходзячы з таго, што абедзве дзяржавы нацэлены на падтрыманне міру і стабільнасці. "Абмен думкамі па пытаннях развіцця міжнароднай сітуацыі быў вельмі важным і карысным. Тут у нас няма разыходжанняў наконт таго, што адбываецца ў міжнародных адносінах і сусветнай палітыцы", - адзначыў кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства.
"У цэлым візіт быў вельмі важным. Ён сапраўды прывёў да таго, што дасягнулі дамоўленасцей па шэрагу важных пытанняў, якія раней не рухаліся. З улікам таго, што мы, Катар і шэраг іншых краін Заліва з'яўляюцца членамі Руху недалучэння, мы павінны выкарыстоўваць гэты фактар для далейшага развіцця і гандлёва-інвестыцыйнага, і палітычнага супрацоўніцтва, узаемадзеяння ў шэрагу іншых сфер і галінах, што маюць узаемны інтарэс", - заявіў Уладзімір Макей.
Ён таксама адзначыў, што апошнім часам кіраўнік беларускай дзяржавы актыўна робіць замежныя візіты, наведваючы розныя краіны і рэгіёны свету. "Гэта ўсё лагічна ўкладваецца ў тую стратэгію, аб якой заявіў Прэзідэнт некаторы час таму, - дыверсіфікацыю знешнепалітычных і знешнеэканамічных адносін", - сказаў міністр.