21 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заклікае спакойна ставіцца да вынікаў "Еўрабачання". Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння на сустрэчы з адоранымі навучэнцамі, студэнтамі і таленавітай моладдзю, дзе прысутнічала і беларуская ўдзельніца конкурсу "Еўрабачанне" ў шведскім Мальмё Алёна Ланская, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Як бы ні выступіў наш прадстаўнік на такіх публічных мерапрыемствах, якія глядзяць мільёны гледачоў, мы павінны гэта вельмі і вельмі цаніць. Тым больш што наша дзяўчына выглядала вельмі выгадна ў многіх адносінах на гэтым конкурсе. Але заўсёды трэба спакойна ўспрымаць такія вынікі", - лічыць кіраўнік дзяржавы.
"Я ведаю, Алёна, тваю рэакцыю на вынікі галасавання ў Расіі. Можаш у свой актыў запісаць 12 балаў, не менш, - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да спявачкі. - Гэта сведчыць аб тым, наколькі такі конкурс не проста палітызаваны, а наколькі ён фальсіфікаваны. Больш таго, хто сочыць за сродкамі масавай інфармацыі, убачылі на прыкладзе адной з краін - там ужо разгарэўся цэлы скандал наконт фальсіфікацыі вынікаў галасавання. Я ўжо не кажу аб галасаванні па геаграфічнаму прынцыпу".
"Таму трэба ўсё ўспрымаць спакойна, аб'ектыўна, слухаць і атрымліваць асалоду ад музыкі і выканаўцаў. Я абсалютна не хачу ў чым-небудзь западозрыць або прынізіць ролю пераможцы. Сапраўды, дзяўчына з Даніі была вельмі добрая і нумар яе быў цудоўны, але не менш цудоўнай была і наша дзяўчына. Таму прапаную спакойна ставіцца да вынікаў такіх галасаванняў", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прадстаўніца Беларусі на конкурсе "Еўрабачанне-2013" Алёна Ланская заняла 16-е месца. Усяго яна атрымала 48 балаў. Самую высокую ацэнку - 12 - Беларусі і яе прадстаўніцы Алёне Ланской паставілі ва Украіне. За Беларусь таксама прагаласавалі Ізраіль (3 балы), Малдова (4), Азербайджан (7), Арменія (5), Мальта (2), Грэцыя (1), Чарнагорыя (3), Грузія (5), Македонія (5), Літва (1).
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|