Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

26 Снж 2018

Лукашэнка: усебаковы характар беларуска-расійскіх адносін важны для абедзвюх краін

Лукашэнка: усебаковы характар беларуска-расійскіх адносін важны для абедзвюх краін

26 снежня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Усебаковы характар адносін мае сур'ёзнае значэнне не толькі для Беларусі, але таксама для Расіі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 24 снежня на нарадзе па актуальных пытаннях супрацоўніцтва з Расіяй, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Расія для Беларусі з'яўляецца ключавым знешнім партнёрам. "Я ўжо не гавару братэрскай дзяржавай, таму што, як мяне інфармуюць, у Расіі гэта не ўспрымаецца. Нібыта прыйшлі новыя людзі, якім гэта паняцце непрымальна. Што ж, будзем партнёрамі", - сказаў беларускі лідар.

"Мы заўсёды падкрэслівалі значнасць гэтага ўзаемадзеяння. Усебаковы характар нашых адносін мае сур'ёзнае значэнне не толькі для Беларусі, але таксама і для Расіі. Яны будуюцца на сістэмнай і, самае галоўнае, планавай аснове", - заявіў Прэзідэнт.

Ён дадаў, што па ўсіх пытаннях дамоўленасцей з Расіяй у Саюзнай дзяржаве і ў цэлым у плане адносін не толькі як з партнёрамі, але і як братэрскай, блізкай Беларусі дзяржавай, рашэнні прыняты. "І на Вышэйшым дзяржаўным савеце, і на саюзным Саўміне, і ў двухбаковым фармаце падпісаны многія пагадненні. На жаль, як я часта гавару, яны не ўсе выконваюцца", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт нагадаў, што паўгода таму на ўзроўні Вышэйшага дзяржаўнага савета былі зацверджаны прыярытэтныя напрамкі і першачарговыя задачы развіцця Саюзнай дзяржавы на наступныя 5 гадоў: "Ёсць праграма дзеянняў. Мы доўга да яе рыхтаваліся, вычлянялі кожнае пытанне, узгаднілі і прапісалі ўсё, на што здольны мы і на што здольна была перш за ўсё Расійская Федэрацыя. У плане падрыхтоўкі ў той час многія нашы прапановы пра больш цесную інтэграцыю не былі падтрыманы".

У цэлым, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, ахоплены вельмі шырокі спектр пытанняў - макраэканоміка, бюджэтная, прамысловая і знешняя палітыка, транспартная прастора і міграцыя, ахова здароўя і культура. "Па ўсіх напрамках былі прыняты пэўныя планы. Мы блізка падышлі да стварэння адзінага паліўна-энергетычнага рынку, ідзём да фарміравання агульнай прававой прасторы Саюзнай дзяржавы",  - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

У красавіку 2017 года на перагаворах у Санкт-Пецярбургу кіраўнікі дзяржаў дамовіліся вырашыць шэраг пытанняў у нафтагазавай сферы. "У сярэдзіне гэтага года мы павінны былі пачаць і закончыць да канца года пытанні па цэнах на газ (мы ў Піцеры дамаўляліся з Уладзімірам Уладзіміравічам), вырашыць пытанні нафтавыя ў сувязі з падатковым манеўрам у Расійскай Федэрацыі. Аднак на ўсе нашы прапановы Расія не пайшла, і гэтыя тэрміны фактычна сарваны. І наша частка дэлегацыі на перагаворах, і расійскай павінны будуць адказаць на пытанне, чаму прынятае двума прэзідэнтамі рашэнне не было выканана ў бягучым годзе", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Маючыя адбыцца перагаворы ў Маскве кіраўнік дзяржавы назваў няпростымі. Напярэдадні перагавораў ён прапанаваў абмеркаваць далейшы рух у вырашэнні інтэграцыйных пытанняў, няўхільна паважаючы суверэнітэт дзвюх краін і асабліва выбар народаў - расіян і беларусаў.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што наконт газу на наступны год цэны ўрэгуляваны: "Няхай гэта ў два разы даражэй, чым у Расіі. Але вось ужо тры гады запар, уключаючы, 2019-ы, - мы дамовіліся аб цэнаўтварэнні".

"Што датычыцца цэн на нафту, сітуацыя змянілася тры гады таму. На працягу гэтых трох гадоў з-за падатковага манеўру (у нафтавай сферы Расіі. - Заўвага БЕЛТА) мы страцілі амаль $4,5 млрд. Мы разумеем, што ў бліжэйшыя гады, прыкладна да 2024 года, панясём страт яшчэ на $10,5 млрд", - канстатаваў беларускі лідар.

"І мне асабіста, і ўрад гэта не адмаўляў, было цвёрда абяцана: "Мы (Расія. - Заўвага БЕЛТА) ніколі не пойдзем на пагаршэнне эканамічнай сітуацыі ў Беларусі, і мы кампенсуем страты ад падатковага манеўру". Гэта былі абяцанні. Мы разумелі і гатовы былі весці перагаворы, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. Здаецца, вы на ўзроўні двух урадаў палічылі ўсё, было прынята рашэнне".

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што раней была заява першага віцэ-прэм'ера Расіі Антона Сілуанава, які вёў адпаведныя перагаворы, што страты Беларусі немалыя, і расійскі бок быў гатовы кампенсаваць гэтыя страты за кошт бюджэту. "І потым раптам усё спынілася. Я хацеў бы атрымаць адказ на пытанне: чаму спыніліся гэтыя перагаворы, калі ў прынцыпе ўсё было гатова для прыняцця рашэння нават на саюзным Саўміне ў Брэсце?" - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што варыянтаў у ходзе маючых адбыцца перагавораў у Крамлі па вырашэнні тых ці іншых пытанняў шмат, але беларускі бок павінен дакладна абазначыць і адстойваць сваю пазіцыю.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі