15 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Трэба выкарыстоўваць любыя крокі для таго, каб праз кампрамісы дасягнуць мірнага пагаднення па Украіне на доўгатэрміновую перспектыву. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у інтэрв'ю тэлеканалу "Аль-Арабія", паведамляе БЕЛТА.
"Сёння трэба выкарыстоўваць любыя крокі для таго, каб праз кампрамісы дасягнуць мірнага пагаднення. Надоўга", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, адказваючы на пытанне аб тым, якім, на яго думку, можа быць паспяховае завяршэнне канфлікту ва Украіне.
Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на ролі лідараў, адказных за прыняцце рашэнняў. "Калі яны ўсведамляюць з аднаго і з другога боку (не толькі Пуцін, Зяленскі, але і еўрапейскія лідары), што ўсё, тупік, далей нельга, далей будзе эскалацыя і яшчэ горшая будзе сітуацыя… Вось калі гэта ў галовах ваюючых і іх прыхільнікаў складзецца, значыць, можна дасягнуць кампрамісу", - сказаў беларускі лідар.
"Якія канкрэтныя крокі могуць быць зроблены для кампрамісу? У мяне ёсць на гэта пункт гледжання. Я не хачу аб гэтым гаварыць, таму што гэта будзе вырашацца за сталом перагавораў, і не я гэта буду вырашаць, а бакі, непасрэдна ўключаныя ў гэты канфлікт", - дадаў Прэзідэнт.


Наконт магчымага пасрэдніцтва Беларусі ва ўрэгуляванні канфлікту, Аляксандр Лукашэнка адзначыў сваё негатыўнае стаўленне да пасрэдніцтва як такога. "Цярпець гэтага не магу. Чаму? Калі абвастрыліся адносіны паміж Захадам і Беларуссю, жадаючых быць пасрэднікамі было вельмі многа. Я тады сказаў: дзякуй, не трэба, мы без пасрэднікаў паспрабуем дамовіцца", - растлумачыў Прэзідэнт.
"Я наогул не люблю пасрэдніцтва. З філасофскага пункту гледжання, аказваешся паміж жорнамі, цябе могуць проста перацерці і выплюнуць. Мы ведаем сваё месца. Мы не маем каласальных рэсурсаў, дапусцім, як Кітай. Або нейкія іншыя краіны, якія з усіх сіл лезуць, каб быць пасрэднікамі", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, Беларусь у гэтым выпадку выступае як зацікаўлены бок - зацікаўлены перш за ўсё ва ўсталяванні міру. "Таму што вайна ідзе практычна ў нас у агародзе. Мы не хочам гэтай вайны, таму што можам пацярпець гэтак жа, як пакутуюць тыя ж украінцы і расіяне. І я з самага пачатку лічыў, што гэты канфлікт павінен быць спынены і мірныя дамоўленасці павінны быць паміж канфліктуючымі бакамі. А далей - толькі мы, тры славянскія народы, дамовіўшыся, будзем неяк расхлёбваць наступствы. Вось убачыце, ніякія амерыканцы і еўрапейцы туды ўкладвацца не будуць. Гэта чужая для іх зямля", - звярнуў увагу Прэзідэнт.
"Нам трэба перажыць гэты канфлікт, сесці за стол перагавораў утрох - Лукашэнка, Пуцін і Зяленскі - і дамовіцца, як будзем пераадольваць наступствы гэтага канфлікту. Мы павінны вырашыць гэта пытанне. Гэта мною даўно было прапанавана. Гэта прапанова не знікла, не забыта. Думаю, Уладзімір Аляксандравіч Зяленскі, разумны ж чалавек, нарэшце ж зразумее... Пераступіць (ён і іншыя) цераз крыўды, цераз амбіцыі, цераз смерць тысяч і тысяч людзей, і мы пачнём дамаўляцца, пачнём думаць аб тым, як зрабіць так, каб яшчэ столькі людзей не загінула, каб аднавіць для жывых тое, што можна аднавіць, і даць спачын мёртвым, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Нам трэба рухацца ў гэтым напрамку".