Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

22 Чэр 2018

Лукашэнка: праект аграхолдынга "Купалаўскае" павінен стаць новым этапам у развіцці сельгасвытворчасці

Лукашэнка: праект аграхолдынга

22 чэрвеня, Шклоўскі раён /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Праект аграхолдынга "Купалаўскае" павінен стаць новым этапам у развіцці сферы сельгасвытворчасці Беларусі. Аб гэтым заявіў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка сёння ў Шклоўскім раёне, наведваючы арганізацыі, якія ўваходзяць у структуру холдынга, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мэта адна - эфектыўная вытворчасць. У адваротным выпадку вы не выжывеце. Справа нават не ў тым, каб выжыць: мы сёння ўперліся ўжо ў нейкую нявызначанасць у сельскай гаспадарцы. Стаіць пытанне: як жыць далей, як рухацца далей, каб забяспечыць эфектыўную вытворчасць і выстаяць у канкурэнцыі", - сказаў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што ў свой час аналагічным этапам для сельгасвытворчасцей Беларусі было стварэнне прадпрыемстваў накшталт ААТ "Александрыйскае". З'явілася такая гаспадарка, што далей? Гэта сур'ёзнае пытанне, і тут, у "Купалаўскім", праваліць гэты праект мы не можам. Таму ўважліва падбірайце кіраўнікоў", - падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт наведаў комплекс па адкорме БРЖ ЗАТ "Вялікія Славені". Кіраўнік дзяржавы дэталёва цікавіўся арганізацыяй работы як на гэтым сельгаспрадпрыемстве, так і ў холдынгу ў цэлым, паказчыкамі эфектыўнасці, тэхналагічнымі працэсамі, планамі па далейшым развіцці, пытаннямі закупак.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што паўсюдна неабходна браць на ўзбраенне лепшыя перадавыя тэхналогіі, арыентуючыся ў першую чаргу на эфектыўнасць. "Нам патрэбна эфектыўнасць - гэта галоўнае. Трэба арыентавацца на самыя перадавыя тэхналогіі, - сказаў ён. - Без тэхналогіі нават нічога рабіць не трэба. Канкурэнцыя вельмі жорсткая".

Прэзідэнт звярнуў увагу і на пытанні выканання працоўнай дысцыпліны, пачынаючы ад кіраўніка прадпрыемства і заканчваючы даяркай і механізатарам. У час абмеркавання работы аграсектара ў Магілёўскай вобласці міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц паведаміў, што рэсурсы ў арганізацый ёсць, але галоўная прычына невыканання намечаных планаў у тых ці іншых гаспадарках - гэта парушэнне тэхналогій вытворчасці сельгаспрадукцыі і нізкая выканальніцкая дысцыпліна.

"Вострая старая праблема. Тут трэба вызначацца. Майце на ўвазе, я папярэджваў у канцы мінулага года, гэта нецярпіма. Тэхналагічная дысцыпліна... Гэта невыкананне таго, што трэба рабіць людзям", - сказаў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў персанальную адказнасць кіраўнікоў, у тым ліку высокага ўзроўню, за належную арганізацыю работы: "Шалёных грошай не будзе. Вам давядзецца ў "Купалаўскім" адпрацоўваць усе свае будоўлі".

Паводле слоў Прэзідэнта, у бліжэйшы час трэба дакладна вызначыцца з размеркаваннем у холдынгу фінансавых патокаў. "Гэта аснова любога кіравання", - падкрэсліў ён. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы папярэдзіў, што непасрэдныя арганізацыі - вытворцы прадукцыі не павінны быць пакрыўджаны, а сродкі неабходна размяркоўваць справядліва. "Дакладна вызначыцеся, якая тут будзе структура. І да канца года трэба зрабіць. Павінны быць дзелавыя, практычныя, настроеныя на перспектыву прафесійныя адносіны", - заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка ўказаў на шэраг недапрацовак пры развіцці комплексу ў ЗАТ "Вялікія Славені". У першую чаргу гэта датычыцца знешняга выгляду і абстаноўкі ўнутры памяшканняў для ўтрымання БРЖ. "Зрабілі вельмі дрэнна", - рэзка адрэагаваў кіраўнік дзяржавы на асобныя хібы.

Ён параіў удзяліць увагу навядзенню глянцу, каб у патэнцыяльных інвестараў першапачаткова не складвалася адмоўнае меркаванне аб перспектывах магчымых капіталаўкладанняў. "Трэба наводзіць гэты глянец. Вы павінны працаваць, як працуе фермер, прыватнік. Гэта праект (холдынг "Купалаўскае". - Заўвага БЕЛТА) дзяржаўнай важнасці, мы яго павінны рэалізаваць. Мы ўцягваемся ў сур'ёзны праект. Работы ідуць вельмі марудна, бессістэмна", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Больш дэталёва аб планах па развіцці холдынга размова ішла на нарадзе ў мясцовым сельвыканкаме з удзелам актыву раёна, кіраўніцтва вобласці і аграрнага сектара.

"Гэта новая перапрацоўка. Яна будзе сканцэнтравана, хутчэй за ўсё, у Копысі. Мы забяром гэты цэх, які я калісьці будаваў, па вытворчасці сыроў, таму што малака будзе дастаткова. Мы дабудуем малакаперапрацоўку - не толькі сыры, але і што-небудзь яшчэ, што на рынку будзе дорага каштаваць, і на гэта будзе попыт. Пабудуем невялікі мясакамбінат пад усё мяса, якое тут будзе, - гэта ялавічына, абавязкова свініна, - адновім комплекс, рэпрадуктар пабудуем (гэта вельмі хутка трэба рабіць). І, можа, нешта яшчэ. Але пакуль мяса, малакаперапрацоўка і свой гандаль. У Мінску магазін, у Магілёве, у Оршы, Шклове... Калі мы замкнём поўнасцю цыкл ад вытворчасці да продажаў, тады вы будзеце багатымі", - расказаў кіраўнік дзяржавы аб перспектывах.

"Я гавару гэта спакойна, таму што ўсіх працаваць мы прымусім, і пытанне працоўнай і тэхналагічнай дысцыпліны знімецца само па сабе. Але не толькі прымушаць працаваць, - калі чалавек будзе бачыць, што ён зарабляе, што дзетак можа спакойна ў дзіцячы сад адвесці (яны там будуць накормлены за капейкі), ён шчасце не пойдзе шукаць за марамі", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт расказаў, што ў свой час мадэрнізацыю і развіццё вёскі шмат у чым апрабавалі на вопыце ААТ "Александрыйскае", таму што ён добра ведаў асаблівасці гэтай гаспадаркі і зямлі. "Цяпер там цудоўны комплекс. Адтуль усё пачыналася, і там мы гэта выпрабоўвалі. Сёння я думаю, што вось гэтыя залатыя землі (сельгаспрадпрыемстваў, якія ўваходзяць у холдынг "Купалаўскае". - Заўвага БЕЛТА), калі мы створым не проста гаспадарку, а холдынг, прыкладна як у "Александрыйскім" (шэсць гаспадарак дробных аб'ядналі), - гэта будзе новы этап", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Але асаблівасць "Александрыйскага" і "Купалаўскага" ў тым, што сюды трэба прыцягнуць прыватны капітал. За кошт бюджэту мы гэта рабіць не будзем. Інвестара пакуль няма. Але мы павінны ўсё роўна рухацца, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Хочаце, давайце ўвязвацца ў гэту бойку, давайце рухацца наперад. Няма праблем сёння накарміць народ, мы яго накармілі. Сёння пытанне, як прадаць".

Што датычыцца экспарту сельгаспрадукцыі, Прэзідэнт, у прыватнасці, упамянуў магчымасці, што адкрыліся, па экспарце ў Кітай ялавічыны, мяса птушкі і малака, паступова беларускія прадпрыемствы выходзяць і на рынкі краін Афрыкі, іншых рэгіёнаў свету.

Прэзідэнту ў час рабочай паездкі далажылі аб ходзе нарыхтоўкі кармоў у краіне і рэгіёне, уплыве ўмоў надвор'я і мерах па захаванні ўраджаю, пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця.

У лістападзе 2016 года ў час адной з рабочых паездак у рэгіён Прэзідэнт даў даручэнне па стварэнні аграхолдынга - эфектыўнага інтэграванага аб'яднання з поўным цыклам вытворчасці, перапрацоўкі і рэалізацыі прадукцыі пры дапамозе сучасных тэхналогій на базе сельгасарганізацый Шклоўскага раёна. Холдынг "Купалаўскае" зарэгістраваны 4 ліпеня 2017 года. У яго склад уваходзяць ТАА "Купалаўскае" - кіруючая кампанія холдынга", ЗАТ "Вялікія Славені", ААТ "Амкадор-Шклоў" і ААТ "Новагарадзішчанскае".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі