Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

11 Ліп 2017

Лукашэнка: патрэбна больш выніковая работа па ўстараненні бар'ераў на агульнай эканамічнай прасторы

Лукашэнка: патрэбна больш выніковая работа па ўстараненні бар'ераў на агульнай эканамічнай прасторы

11 ліпеня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Патрэбна больш выніковая работа па ўстараненні бар'ераў на агульнай эканамічнай прасторы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на нарадзе па прыярытэтах знешняй палітыкі Беларусі на сучасным этапе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Асноўная праблема - бар'еры на агульнай эканамічнай прасторы. Трэба, каб работа над іх устараненнем вялася больш вынікова. На ўсіх пляцоўках - і ў "двойцы", і ў "пяцёрцы", і на рэгіянальным узроўні. І ўраду, і МЗС, і Мінэканомікі трэба дабівацца рэальнага эфекту ў гэтым напрамку", - сказаў Прэзідэнт.

"Стварэнне аднолькавых умоў для суб'ектаў гаспадарання ў рамках Саюзнай дзяржавы і ЕАЭС з'яўляецца для нас стратэгічнай задачай. І яе трэба вырашаць настойліва і як мага хутчэй", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

"Размова ідзе не толькі пра цэны на нафту і газ. Не менш важна дабівацца правядзення ўзгодненай палітыкі ў прамысловай і аграрнай сферах. Павінны быць выключаны як прамыя бар'еры па доступе на рынак, так і іншыя меры, дыскрымінуючыя беларускіх вытворцаў", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"У той жа час трэба выпрацоўваць сумесныя падыходы для абароны агульнага ўнутранага рынку. Тут бачу сур'ёзныя недапрацоўкі з боку ўрада, МЗС, прадстаўнікоў у інтэграцыйных аб'яднаннях", - дадаў беларускі лідар.

Для прысутных на нарадзе кіраўнікоў прадпрыемстваў-экспарцёраў Прэзідэнт падкрэсліў, што нават калі ў іх усё ідзе адносна добра на расійскім рынку, гэта не азначае, што можна расслабіцца. "Любое самазаспакаенне да смерці падобна. Калі выціснуць адтуль, то на ранейшыя пазіцыі ніколі не верніцеся. Трэба чапляцца, замацоўвацца і пашырацца! І ніяк інакш!" - упэўнены кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што дзяржавы СНД з'яўляюцца традыцыйнымі эканамічнымі партнёрамі Беларусі, аднак гэта не азначае, што рынак СНД поўнасцю асвоены і адносіцца да катэгорыі простых. "І тут стварэнне безбар'ернага гандлёвага асяроддзя - важная кропка прыкладання нашых агульных намаганняў. У нас ёсць ключавы элемент - дагавор аб зоне свабоднага гандлю. Наступны крок - пабудова паміж краінамі Садружнасці адзінага рынку дзяржаўных закупак і фарміраванне асноў рынку свабоднага гандлю паслугамі", - заявіў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, трэба зрабіць усё магчымае, каб гэтыя задачы былі рэалізаваны і дапоўнены новымі агульнымі кропкамі эканамічнага ўзаемадзеяння на прынцыпах вытворчага інвестыцыйнага і навуковага супрацоўніцтва.

"Пры гэтым наша членства ў ЕАЭС і падпісанне шэрагам дзяржаў СНД пагадненняў аб асацыяцыі з ЕС не толькі не павінна нас раздзяляць, а, наадварот, павінна стымуляваць да стварэння сумеснага прадукту і вывядзення яго на найбольш прывабныя рынкі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У цэлым захаванне дружалюбных сувязей абсалютна з усімі дзяржавамі, што ўваходзяць у склад СНД, і тымі, хто з Садружнасці выйшаў, Прэзідэнт назваў значным дасягненнем. "Трэба падтрымліваць пазітыўную дынаміку гандлю з нашай Украінай, на якую ўдалося выйсці ў мінулым і бягучым годзе. Для нас гэта 12 працэнтаў беларускага экспарту", - адзначыў ён.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі