21 мая, Асіповіцкі раён /Кар. БЕЛТА/. Беларусь, калі ў дачыненні да яе не будзе ўчынена агрэсіі, не мае намеру ўцягвацца ў вайну з Украінай. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў журналістам, каменціруючы заявы і пагрозы з боку Уладзіміра Зяленскага наконт гэтага, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Што датычыцца яго заяў, што Беларусь будзе ўцягнута ў вайну, я толькі што сказаў: будзе ўцягнута толькі ў адным выпадку - калі на нашу тэрыторыю будзе ажыццёўлена агрэсія. І тут ужо не ўцягнута (вы чулі з вуснаў Прэзідэнта Расіі) - мы будзем разам абараняць нашу Айчыну ад Брэста да Уладзівастока, дзе размешчаны дзве дзяржавы, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Таму калі і будзем мы ўцягнуты ў вайну, у тым ліку калі гэта будзе супраць Украіны, толькі ў адным выпадку - калі яны ўчыняць супраць нас агрэсію. Мы ўцягвацца ў вайну ва Украіне не збіраемся. У гэтым няма ніякай неабходнасці. Ні грамадзянскай, ні ваеннай".
"Калі ён (Уладзімір Зяленскі. - Заўвага БЕЛТА) хоча аб нечым пагаварыць, параіцца або яшчэ штосьці - калі ласка, мы адкрыты для гэтага. У любой кропцы - Украіны, Беларусі - я гатовы з ім сустрэцца і абмеркаваць праблемы беларуска-ўкраінскіх адносін. І, можа, пагаварыць аб перспектывах. Чамусьці з амерыканцамі, немцамі, палякамі, літоўцамі і латышамі ў нас ёсць аб чым размаўляць, а з Украінай - няма аб чым…" - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што калі чуе з Кіева і ад Уладзіміра Зяленскага пэўныя заявы, думае над пытаннем, навошта гэта робіцца: "Ён што, хоча ваяваць з Беларуссю? З Расіяй і Беларуссю? Упэўнены, што не. Я ведаю меркаванне ваенных украінскіх. Ім дадатковы фронт не патрэбны. Тады паўстае пытанне: навошта нас шантажыраваць і ажыццяўляць эскалацыю ў беларускім напрамку? Па-першае, падштурхоўваюць еўрапейцы. Яны бачаць, што мы з амерыканцамі вядзём пэўны дыялог. Ім гэта не ўсім падабаецца. Таму так вось спрабуюць падштурхнуць Зяленскага. Валодзю Зяленскаму давялося нешта гаварыць. Далей яму, відаць, спадабалася гэта гаварыць. Мы таксама не рэагуем. А яму хочацца, каб мы рэагавалі".

"Я не перажываю за тое, што яны нашых збеглых туды цягаюць ва Украіну і з імі спрабуюць неяк устанавіць адносіны. Гэта такі элемент шантажу і запалохвання. Вы ж разумееце, гэта не для мяне. Я на шантаж і запалохванне навучыўся рэагаваць", - дадаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі ведаюць галоўнае: "Украінскі народ вайны з беларускім народам не хоча. І мы будзем усё рабіць для таго, каб гэтай вайны не было. З нашага боку вы можаце быць жалезабетонна ўпэўнены, што ўцягвацца ў вайну з Украінай мы не збіраемся, мы не маем намеру. Але мы бачым сітуацыю, нашы Узброеныя Сілы выведзены з месцаў пастаяннай дыслакацыі. Трэба гэта нам? Ну, трэніруюцца ваенныя. Але лепш бы яны былі ў казармах. Спакойна, ціха, па распарадку. Але даводзіцца дзяжурыць. Такі лёс наш".
Прэзідэнт таксама адзначыў, што цяпер вайна "на перадавой" ідзе ў СМІ. "Я вас запэўніваю, што ніякага ў нас жадання і такой неабходнасці сёння няма - ваяваць з нашымі суседзямі перш за ўсё", - сказаў кіраўнік дзяржавы журналістам.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што аналагічныя запэўненні зрабіў і шэрагу замежных гасцей. "Мы не ўсё паказваем. Нядаўна тут пабывалі вельмі высокапастаўленыя людзі з далёкіх краін. Яны нас разумеюць і ў прынцыпе падтрымліваюць нашу пазіцыю. Я ім таксама сказаў: хлопцы, вы не хвалюйцеся. Мы не збіраемся ні на немцаў, ні на англічан, ні на французаў нападаць. Мы будзем адказнымі людзьмі. Абсалютна ўпэўнены, такую пазіцыю займае і Прэзідэнт Расіі. Я ж добра гэта ведаю", - заявіў кіраўнік дзяржавы.