9 мая, Масква /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выказаў надзею на нармалізацыю складанай і напружанай абстаноўкі ў свеце. Аб гэтым ён заявіў журналістам у Маскве, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Адзін з журналістаў пацікавіўся, ці спакойна сябе адчувае Прэзідэнт, нягледзячы на тое, што адбываецца навокал.



"Я заўсёды быў спакойны. І сёння тым больш. Усё будзе нармальна. Усе хочуць жыць. Як бы вы, журналісты, не падавалі гэты розны матэрыял з усіх бакоў, усе хочуць жыць. І амерыканцы, і ўкраінцы, і расіяне, і беларусы. Таму ўсё будзе нармальна. У аснове - жыццё", - упэўнены кіраўнік дзяржавы.
Адказваючы на пытанне наконт узбраенняў, якія ёсць у распараджэнні ваенных у Расіі і Беларусі, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Я ведаю добра вашы ўзбраенні. Таму што яны і нашы. Сёе-тое мы ўжо дабавілі да таго, што ў вас ёсць. Сёе-тое мы набылі ў вас. Таму сёння мы як ніколі валодаем добрым арсеналам добрай зброі".