15 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам прэзідэнт і генеральны дырэктар Евангелісцкай асацыяцыі Білі Грэма - Франклін Грэм расказаў, з якім пасланнем прыехаў у Беларусь, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Франклін Грэм падзякаваў кіраўніку беларускай дзяржавы за магчымасць сустрэцца з ім, а таксама правесці сустрэчу з беларусамі, якія вызнаюць пратэстантызм. "Дзякуй вялікі. Для мяне вялікі гонар сустрэцца сёння з вамі. Мы прыехалі, каб данесці наша пасланне ўсім беларусам, і гэта пасланне ад Госпада Бога", - адзначыў Франклін Грэм.
"Няважна, да якой веры мы належым - пратэстанцкай, праваслаўнай, каталіцкай, - мы ўсе тут роўныя. І мы ўсе згодныя з гэтымі падыходамі", - падкрэсліў ён.
"Франклін, калі будзеце аб грахах з Госпадам размаўляць, не забудзьце і пра мае грахі", - пажартаваў Аляксандр Лукашэнка.
Франклін Грэм звярнуў увагу, што ў рэлігіі прынята ўзносіць малітвы і за лідараў краін, і паабяцаў Прэзідэнту Беларусі, што памоліцца за яго разам з беларускімі хрысціянамі пратэстанцкай веры.

"Гэта будзе правільна, а то вы ўсё за Дональда (Прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. - Заўвага БЕЛТА) моліцеся і моліцеся. Мяне не ўзгадваеце", - з усмешкай адзначыў беларускі лідар.
"Заўтра я папрашу ўсіх прысутных стаць і ўзнесці малітву за вас як лідара", - запэўніў Франклін Грэм.