17 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Уражаннямі пра Беларусь у эфіры Першага інфармацыйнага ў праграме "Актуальнае інтэрв'ю" падзяліўся прэзідэнт і генеральны дырэктар Евангелісцкай асацыяцыі Білі Грэма, прапаведнік з ЗША Франклін Грэм, паведамляе БЕЛТА.
Дзелячыся ўражаннямі пра Беларусь, Франклін Грэм адзначыў: "Я праехаў па дарозе з Вільнюса праз усю вашу краіну. Прыгожыя палі, гэта проста цудоўная краіна. А ўязджаючы ў Мінск, я быў здзіўлены тым, наколькі чысты гэты горад, наколькі ён сучасны, дружалюбнасцю людзей. Гэта зрабіла вялікае ўражанне, а потым даведаўся, наколькі бяспечна ў горадзе. Там, дзе я жыву, некаторыя людзі заўсёды носяць з сабой зброю, куды б яны ні пайшлі, таму што яны баяцца. Але тут такой праблемы няма".
Прапаведнік высока ацаніў работу Прэзідэнта Беларусі: "Лукашэнка правёў неверагодную работу па кіраванні гэтай краінай. Людзі заўсёды скардзяцца, заўсёды бурчаць. У нас у Злучаных Штатах шмат людзей, якія скардзяцца на Прэзідэнта Трампа або на сваіх палітычных лідараў. Кожны палітычны лідар праходзіць праз гэта, але трэба глядзець на вынікі".
"Паглядзіце, які рост паказаў Мінск за час кіравання Прэзідэнта Лукашэнкі. Тут дасягнуты проста надзвычайны прагрэс", - сказаў Франклін Грэм.
Ён выказаў надзею на тое, што Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп наведае Беларусь і асабіста ўбачыць краіну. "Прэзідэнт Трамп хоча выбудаваць лепшыя адносіны з Беларуссю. Ён назначыў спецыяльнага пасланніка Джона Коўла, і гэта паказвае, наколькі ён імкнецца да паляпшэння гэтых адносін. І я лічу важным, каб гэтыя адносіны развіваліся. Прэзідэнт Трамп сапраўды клапоціцца аб гэтым, і я думаю, ён хоча рухацца да лепшых адносін. А для гэтага патрэбна работа, патрэбны час. І я, безумоўна, калі Прэзідэнт Трамп папросіць, абавязкова падзялюся з ім тым, што я бачыў і даведаўся ў гэтай краіне", - адзначыў Франклін Грэм.