Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

9 Врс 2015

Кабякоў: Беларусь уносіць важкі ўклад у забеспячэнне сусветнай харчовай бяспекі

9 верасня, Мілан /Кар. БЕЛТА/. Беларусь уносіць важкі ўклад у забеспячэнне сусветнай харчовай бяспекі. Аб гэтым заявіў сёння прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў на адкрыцці Нацыянальнага дня Беларусі на "ЭКСПА-2015" у італьянскім Мілане, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Андрэй Кабякоў сказаў, што цяперашняя выстаўка "ЭКСПА" для Беларусі набывае асаблівую актуальнасць, паколькі яе тэма "Накарміць планету. Энергія для жыцця". "Беларусь - краіна са шматвяковымі аграрнымі традыцыямі. Мы на штодзённай аснове ўносім свой уклад у забеспячэнне сусветнай харчовай бяспекі", - адзначыў прэм'ер-міністр. Кіраўнік беларускага ўрада нагадаў, што Беларусь уваходзіць у пяцёрку найбуйнейшых сусветных экспарцёраў малочнай прадукцыі і ў тройку экспарцёраў сметанковага масла. У Беларусі вырабляецца кожны дзясяты трактар у свеце і кожны трэці кар'ерны самазвал.

"Беларусь поўнасцю разумее тую важную ролю, якую адыгрывае "ЭКСПА" ў вырашэнні адной з глабальных праграм штодзённасці - няхваткі прадуктаў харчавання. Хачу выказаць удзячнасць за гэту высакародную місію і запэўніць, што мы падзяляем гэтыя памкненні і ў нашай асобе вы знойдзеце надзейную падтрымку", - заявіў прэм'ер-міністр.

Адкрывае праграму Нацыянальнага дня Беларусі святкаванне "Беларускіх дажынак у Італіі". Тэрміны правядзення дня Беларусі на выстаўцы ў верасні супадаюць з завяршэннем уборачнай кампаніі і святкаваннем "Дажынак". Улічваючы дэвіз выстаўкі "Накарміць планету. Энергія для жыцця" і пажаданні яе арганізатараў аб максімальным прадстаўленні ў культурнай праграме народнай музыкі, свят і абрадаў, звязаных з земляробчым цыклам, цырымоніяй адкрыцця Нацыянальнага дня Беларусі стане святочная праграма "Беларускія дажынкі ў Італіі".

На адкрыцці дня Беларусі ў "ЭКСПА-Цэнтры" запушчана "Кола жыцця" - сімвал вечнага руху прыроды і лёсу. На галоўнай сцэнічнай пляцоўцы "ЭКСПА" гучаць беларускія народныя песні ў выкананні артыстаў ансамбля "Харошкі". Гасцям Дня Беларусі паднеслі традыцыйны каравай з мукі новага ўраджаю.

Пасля завяршэння афіцыйнай часткі адкрыцця беларуская ўрадавая дэлегацыя ўрачыста пройдзе па галоўнай вуліцы "ЭКСПА". Затым Андрэй Кабякоў наведае нацыянальныя павільёны Беларусі і Італіі.

На працягу дня на "ЭКСПА" працуе выстаўка-дэгустацыя прадуктаў харчавання беларускай вытворчасці і страў нацыянальнай беларускай кухні. Акрамя таго, сёння адбудзецца шэраг бізнес-сустрэч і панэльная дыскусія "Беларусь: еўрапейскі партнёр - еўразійскі рынак" на Міланскай фондавай біржы. Гасцям выстаўкі прапануюць адкрыць для сябе гастранамічную Беларусь і прадэгуставаць мясныя і малочныя прадукты, кандытарскія вырабы, безалкагольныя напіткі.

Завершыцца дзень вячэрнім гала-канцэртам "Запрашае Беларусь" на адкрытай пляцоўцы "ЭКСПА-Цэнтр" з удзелам дзяржаўнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля "Харошкі", фальклорнай групы "Купалінка", саліста Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, заслужанага артыста Беларусі Уладзіміра Громава, салісткі Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, заслужанай артысткі Беларусі Ніны Шарубінай, саліста Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, лаўрэата міжнародных конкурсаў Паўла Пятрова.

"ЭКСПА", або Сусветная выстаўка, уяўляе сабой маштабнае міжнароднае мерапрыемства, дзе кожная краіна-ўдзельніца знаёміць наведвальнікаў са сваімі эканомікай, навукай, ладам жыцця, традыцыямі, культурай, турыстычнымі магчымасцямі, дасягненнямі. Упершыню яна прайшла ў 1851 годзе, з таго часу стала рэгулярна праводзіцца ў розных краінах свету.

"ЭКСПА-2015" у Мілане працуе з 1 мая па 31 кастрычніка, удзел у ёй прымаюць 145 краін, асобныя экспазіцыі прадстаўляюць буйныя кампаніі і няўрадавыя арганізацыі. Для выставачных павільёнаў адведзена тэрыторыя плошчай больш за 1,7 млн кв.м на паўночным захадзе Мілана.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі