1 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь з'яўляецца прыкладам у плане забеспячэння харчовай бяспекі. Аб гэтым генеральны дырэктар Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі Аб'яднаных Нацый (ФАО) Цюй Дун'юй заявіў на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам у Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле слоў гендырэктара ФАО, адна з мэт яго візіту ў Беларусь - вывучэнне таго, як забяспечваецца харчовая бяспека. "Яна тут на высокім узроўні, які можна прыводзіць у прыклад", - заявіў Цюй Дун'юй.
"Беларусь забяспечвае прадуктамі харчавання не толькі сябе, але і іншыя краіны, асабліва аказвае дапамогу краінам Афрыкі і Азіі", - дадаў ён.
Асаблівую ўвагу Цюй Дун'юй звярнуў на тое, што ў Беларусі, у адрозненне ад многіх краін Захаду, словы кіраўніцтва дзяржавы не разыходзяцца з рэальнымі ўчынкамі. "Справа не стаіць за словам (у Беларусі. - Заўвага БЕЛТА). Заходнія палітыкі толькі гавораць-гавораць, шмат гавораць, а да справы звычайна не даходзіць", - заўважыў кіраўнік арганізацыі.
Беларусь з'яўляецца паўнапраўным членам ФАО з 2005 года. Краіна ўдзельнічае ў распрацоўцы і прыняцці рашэнняў па міжнародных праблемах у сельскагаспадарчай і харчовай сферах, абменьваецца з краінамі-ўдзельніцамі інфармацыяй аб прынятых мерах і дасягнутым прагрэсе ў галіне павышэння якасці харчавання і ўзроўню жыцця насельніцтва, паляпшэння эфектыўнасці вытворчасці і размеркавання сельскагаспадарчых прадуктаў.
З моманту ўступлення Беларусі ў ФАО ў краіне рэалізаваны двухбаковыя праекты тэхнічнага супрацоўніцтва на суму амаль $2 млн, а таксама шэраг рэгіянальных праектаў арганізацыі. Цяпер рэалізуюцца чатыры праекты ФАО на суму $470 тыс. На перыяд да 2030 года прадугледжана магчымае фінансаванне праектаў для Беларусі на суму да $1 млн.