10 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сусветную фінансавую сістэму чакаюць сур'ёзныя змяненні. Такую думку выказаў журналістам старшыня праўлення Нацыянальнага банка Раман Галоўчанка па выніках даклада Прэзідэнту Беларусі па пытаннях бягучай дзейнасці Нацыянальнага банка ў кантэксце задач эканамічнага развіцця краіны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік Нацбанка звярнуў увагу, што ў цэлым цяпер ва ўсім свеце назіраецца праблема з традыцыйнымі фінансамі, з праходжаннем плацяжоў. "Гэта выяўляецца ў тым ліку ва ўсё большым адмаўленні ад выкарыстання амерыканскай валюты ў якасці міжнароднага сродку плацяжу. Гэта доўгатэрміновыя тэндэнцыі, з якімі краінам давядзецца жыць і працаваць на працягу доўгіх гадоў, - падкрэсліў ён. - Я мяркую, што ў цэлым сусветную фінансавую сістэму чакаюць сур'ёзныя змяненні".
Зыходзячы з гэтага, многія кіраўнікі краін БРІКС гавораць аб неабходнасці стварэння ўласнай валюты для разлікаў унутры аб'яднання. Гэту тэму абмяркоўваюць таксама і іншыя блокі, саюзы. "Гэта значыць, мы бачым пэўную дэфрагментацыю сусветнага фінансавага рынку. Нас яшчэ чакае, я думаю, шмат усялякіх цікавых падзей", - выказаў меркаванне Раман Галоўчанка.
Што датычыцца непасрэдна Беларусі, кіраўнік Нацбанка падкрэсліў, што значная доля разлікаў у знешнім гандлі ажыццяўляецца ў валютах краін-саюзніц. Напрыклад, у беларускіх і расійскіх рублях, валютах краін ЕАЭС, кітайскіх юанях. "У нас партфель валютных актываў вельмі дыверсіфікаваны", - канстатаваў ён.