31 студзеня, Алматы /Кар. БЕЛТА/. Для нас ключавая задача - знайсці баланс паміж укараненнем перадавых тэхналогій і бяспекай, сацыяльнай стабільнасцю і дабрабытам грамадзян. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка на пленарным пасяджэнні форуму "Digital Almaty 2025. Industrial Al: тэхналогіі для новай эры", які праходзіць у Алматы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У 2025 годзе Беларусь старшынствуе ў органах ЕАЭС. Прыярытэты работы вызначаны, і асобным пунктам у пераліку стаіць актывізацыя ўзаемадзеяння дзяржаў - членаў ЕАЭС у галіне лічбавай трансфармацыі.
"Прычына зразумелая: рэалізаваць пастаўленыя перад намі задачы сёння немагчыма без выкарыстання лічбавых тэхналогій. У прыватнасці, тэхналогій штучнага інтэлекту. Але галоўнае - гэта сумесная работа ў гэтым напрамку", - сказаў Раман Галоўчанка.
Ён звярнуў увагу, што адны бачаць у ШІ магчымасці для тэхналагічнага прарыву, другія апасаюцца непрадказальных наступстваў, якія тояцца за ўсім новым і не да канца спазнаным. Трэція - спекулююць на рызыках і на выгадах. "Але ўсе мы прадаўжаем гонку за інавацыямі. Гэта неабходнасць у сучасным свеце, які хутка мяняецца. Для нас ключавая задача - знайсці баланс паміж укараненнем перадавых тэхналогій і бяспекай, сацыяльнай стабільнасцю і дабрабытам грамадзян", - адзначыў Раман Галоўчанка.
"Digital Almaty 2025. Industrial Al: тэхналогіі для новай эры" - вядучы форум Цэнтральнай Азіі, дзе дзяржаўныя дзеячы, вядучыя эксперты і прадпрымальнікі абмяркоўваюць ключавыя выклікі і магчымасці лічбавай транфармацыі.
У бягучым годзе Digital Almaty прысвечаны прарыўным змяненням у прамысловасці і ўплыву штучнага інтэлекту на будучыню глабальнай індустрыі. Тэхналогіі ШІ становяцца ключавым драйверам эфектыўнасці, бяспекі і ўстойлівасці вытворчых працэсаў. Прымяненне ШІ для аўтаматызацыі, прагназавання і аптымізацыі складаных вытворчых ланцужкоў адкрываюць новыя гарызонты для інтэлектуальнага кіравання прамысловага сектара.
На пленарным пасяджэнні быў прадстаўлены прэзентацыйны ролік Рэспублікі Беларусь. На выстаўцы лічбавых праектаў адкрыты стэнд Рэспублікі Беларусь. Тут прадэманстраваны ІТ-рашэнні з прымяненнем тэхналогій штучнага інтэлекту Аб'яднанага інстытута праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, а таксама кампаній-рэзідэнтаў ПВТ "Элітсофт" і "АМІС-АйЦі" ў розных сферах дзейнасці (прыродакарыстанне, інфармацыйная бяспека, жыллёва-камунальная гаспадарка, медыцына і інш.).