19 снежня, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Беларусь з'яўляецца цэнным партнёрам для Інданезіі. Аб гэтым заявіў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Інданезіі ў Расіі і Беларусі па сумяшчальніцтву Джаўхары Аратмангун на прыёме з нагоды 20-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Інданезіяй, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Пасол звярнуў увагу на значную актывізацыю двухбаковых адносін у 2013 годзе. Ён нагадаў, што ў сакавіку адбыўся дзяржаўны візіт у Інданезію Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, у маі Беларусь наведала парламенцкая дэлегацыя на чале са спікерам Савета народных прадстаўнікоў Інданезіі Марзукі Алі, паміж краінамі падпісана 7 мемарандумаў аб узаемаадносінах у розных сферах: у сельскай гаспадарцы, абаронным сектары, у галіне навукі і тэхналогій, аб прадухіленні двайнога падаткаабкладання. Павялічыўся і аб'ём узаемнага гандлю паміж краінамі. "І мы бачым усе падставы для далейшага ўмацавання адносін", - сказаў ён. Джаўхары Аратмангун расказаў, што ў 2014 годзе інданезійскі бок плануе прыняць удзел у некаторых выставачных мерапрыемствах у Беларусі.
Ён падкрэсліў важнасць развіцця сувязей паміж краінамі АСЕАН, дзе адным з ключавых ігракоў выступае Інданезія, і Мытным саюзам, удзельніцай якога з'яўляецца Беларусь.
"Упэўнены, што ў бліжэйшыя гады мы будзем прадаўжаць эфектыўна развіваць супрацоўніцтва", - сказаў пасол.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|