Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

7 Ліп 2016

Чэрнік: Фестываль народнага гумару "Аўцюкі" абяцае стаць адной з самых яркіх культурных падзей

Чэрнік: Фестываль народнага гумару

7 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Усебеларускі фестываль народнага гумару "Аўцюкі" абяцае стаць адной з самых яркіх культурных падзей. Такое меркаванне выказаў карэспандэнту БЕЛТА намеснік міністра культуры Васіль Чэрнік.

"Гэты фестываль, які пасля доўгага перапынку 8-9 ліпеня пройдзе ў Калінкавіцкім раёне, даўно чакаюць і гаспадары свята, і госці, якія традыцыйна прыязджаюць з розных рэгіёнаў Беларусі. Гомельшчына багата на фестывалі, але свята народнага гумару знаходзіцца на асобнай пазіцыі па сваёй арыгінальнасці, непаўторнасці, эксклюзіўнасці", - адзначыў намеснік міністра.

У гэтым годзе фестывальная праграма парадуе гасцей такімі навінкамі, як конкурс "Міс Аўцюкі" і "Алімпійскія аўцюкоўскія гульні". Прычым арганізатары свята не расказваюць удзельнікам і гасцям аб дэталях конкурсаў, іх праграма стане для ўсіх сюрпрызам. Напрыклад, крытэрыі выбару "Міс Аўцюкі" застануцца ў сакрэце да моманту правядзення конкурсу, і ў якіх відах спорту будуць спаборнічаць госці свята, таксама пакуль закрытая тэма.

Традыцыйна на фестывалі праходзіць канцэрт беларускіх калектываў, адточваюць свае жарты на гасцях свята беларускія пісьменнікі, сатырыкі, гумарысты. Госці прагуляюцца па вуліцах падворкаў, змогуць сфатаграфавацца на памяць на Лаўцы прымірэння, якую ўстанавілі мясцовыя майстры на раздарожжы паміж Малымі і Вялікімі Аўцюкамі.

Фестываль народнага гумару добра вядомы і за межамі Беларусі, у гэтым годзе да аўцюкоўцаў прыедуць госці з Расіі. Не выключана, што ў будучым свята перарасце рэспубліканскія межы і зможа выйсці на міжнародны ўзровень, паколькі цікавасць да свята ёсць і ў суседніх краінах, адзначыў Васіль Чэрнік.

Усебеларускі фестываль гумару праводзіцца ў Аўцюках з 1995 года і за гэты час паставіў назву вёскі пад Калінкавічамі ў адзін рад з такімі прызнанымі цэнтрамі гумару, як Габрава, Адэса, Сарочынцы.

Мерапрыемства арганізуюць Міністэрства культуры Беларусі, Гомельскі аблвыканкам і Калінкавіцкі райвыканкам.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі