Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

9 Кст 2023

"Беларусьфільм" рыхтуе серыю карцін да 100-годдзя айчыннага кінематографа


Фота з архiва

9 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кінастудыя "Беларусьфільм" рыхтуе серыю карцін да 100-годдзя беларускага кінематографа, якое будуць адзначаць у 2024 годзе. Аб гэтым расказала журналістам рэжысёр, мастацкі кіраўнік студыі маладзёжнага кіно кінастудыі Алена Турава, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Да юбілею рыхтуюцца практычна ўсе падраздзяленні кінастудыі, у тым ліку студыя дакументальнага кіно. "Калі была абарона праектаў (літаральна на мінулым тыдні), студыя дакументальнага кіно падрыхтавала серыю фільмаў аб нашых вялікіх кінакласіках. Гэта будзе расказ пра многіх кінарэжысёраў нашай залатой эпохі кінематографа", - сказала Алена Турава.

Плануецца падрыхтаваць стужкі пра такіх асоб, як Валерый Рубінчык, Віталь Чацверыкоў, Валерый Рыбараў. Будуць фільмы, прысвечаныя цэлым эпохам кінавытворчасці ў Беларусі, пачынаючы практычна ад эпохі стварэння кінематографа. "Будуць фільмы і аб стартавай эпосе, і аб вельмі цяжкай эпосе, якая была за гэтым: нашы аператары, нашы кіношнікі працавалі і ў час Вялікай Айчыннай вайны. Нягледзячы на тое, што большая частка кінематаграфістаў была эвакуіравана ў Казахстан і Маскву, людзі з камерамі выконвалі на фронце свой абавязак перад радзімай. Многія гінулі, але залатыя кадры нашай кінахронікі захаваліся менавіта дзякуючы мужнасці, самаадданасці і прафесіяналізму гэтых людзей, нашых калег", - звярнула ўвагу мастацкі кіраўнік студыі.

Належнай увагі будучаму юбілею не магла не ўдзяліць і маладзёжная студыя "Смолк@". "У нас замах крыху больш сціплы, тым не менш мы рыхтуем серыю летапісных матэрыялаў, якія цяпер маюць рабочую назву "За кадрам". Гэта хроніка, прысвечаная людзям, якія звычайна не растыражаваны ў прэсе, СМІ, на экранах. Яны не так вядомы, як кінаакцёры, рэжысёры, але гэта тыя людзі, без якіх кіно не можа стварацца. Гэта элементы нашага вялікага зладжанага механізма", - адзначыла Алена Турава. Яна ўдакладніла, што размова ідзе пра работнікаў архіва, грыму, касцюмаў, магчыма, і рэкламы. "Гэта нашы калегі, памяць пра якіх і вопыт якіх мы лічым вельмі важным і патрэбным захаваць. Над гэтым працуюць нашы маладыя спецыялісты, маладыя прафесіяналы", - дадала яна.

Прадстаўлены праект духоўнага фільма, вельмі важнага з культурна-гістарычнага пункту гледжання, - пра крыж Ефрасінні Полацкай. Над ім будзе працаваць рэжысёр Наталля Касцючэнка.

Ужо завершаны здымкі і поўным ходам ідуць работы па вытворчасці фільма "Чорны замак Альшанскі" паводле класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча. Карціна павінна ўбачыць свет у 2024 годзе. Таксама рыхтуецца да выпуску і ваенная драма з рабочай назвай "Казбек", над якой працуе Іван Паўлаў.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі