11 лістапада, Мінск /Юлія Дылянок - БЕЛТА/. Беларусь разлічвае на актывізацыю эканамічнага супрацоўніцтва з Кіпрам. Аб гэтым заявіў сёння журналістам намеснік старшыні Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Уладзімір Улаховіч перад пачаткам беларуска-кіпрскага бізнес-форуму, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Цяперашнюю сустрэчу ініцыіравала гандлёва-прамысловая палата Кіпра. Яна хацела б прадэманстраваць беларускім прадпрыемствам свае новыя магчымасці. Мы хацелі б надаць дынаміку двухбаковым адносінам. Уся дагаворная база ў нас ёсць, яе трэба развіваць і актыўна выкарыстоўваць", - адзначыў Уладзімір Улаховіч.
Паводле яго слоў, беларуска-кіпрскі бізнес-форум неабходна разглядаць як звяно агульнага ланцуга кантактаў Беларусі з рознымі краінамі свету. "Нават калі паглядзець на апошнія два месяцы: гэта інвестыцыйны форум у Нью-Ёрку, прэзентацыя беларускай эканомікі ў Парыжы, эканамічны форум на прадпрыемстве
Stadler у Швейцарыі. На бягучым тыдні чакаюцца яшчэ два форумы - беларуска-брытанскі інвестыцыйны ў Лондане і трохбаковы аўстрыйска-беларуска-расійскі ў Вене", - канстатаваў Уладзімір Улаховіч. На яго думку, гэта паказчык таго, што цікавасць да Беларусі як стабільнага і надзейнага партнёра расце. "Дзякуючы прагматычнай пазіцыі, якой заўсёды прытрымліваецца Беларусь, нашу краіну сталі заўважаць, паважаць і праяўляць да яе вялікую цікавасць", - падкрэсліў ён.Што датычыцца беларуска-кіпрскіх узаемаадносін, Уладзімір Улаховіч падкрэсліў спецыфічны профіль Кіпра як краіны, якая прадастаўляе паслугі ў прававой, дзелавой, фінансавай сферах. "Кіпр разумее, што сёння неабходна рэанімаваць адносіны з Беларуссю, паколькі іншыя краіны рухаюцца наперад, ёсць вялікія інвестыцыйныя праекты", - адзначыў ён.
Уладзімір Улаховіч канстатаваў невысокі тавараабарот паміж дзвюма краінамі, нагадаўшы, што раней на Кіпр пастаўляўся значны аб'ём беларускіх нафтапрадуктаў, але апошнім часам пастаўкі мінімізаваны. Пры гэтым ён выказаў упэўненасць у тым, што паступова актыўнае супрацоўніцтва ў гэтай і іншых сферах будзе наладжана.
"У нас нядрэнны інвестыцыйны зачын з Кіпрам - у мінулым годзе на чыстай аснове 217 млн еўра было інвесціравана Кіпрам у Беларусь. Гэта таксама вельмі важны напрамак, па якім мы сёння павінны працаваць", - падкрэсліў Уладзімір Улаховіч.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|