Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

27 Врс 2017

Зорка беларускай оперы Аксана Волкава адкрыла сезон у "Метраполітэн-опера"

Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Аксана Волкава27 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Аксана Волкава адкрыла сезон у "Метраполітэн-опера", выканаўшы партыю Джульеты ў оперным шэдэўры Жака Афенбаха "Казкі Гофмана", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі.

Прэм'ера новага спектакля на прэстыжнай сцэне ў пастаноўцы вядомага дырыжора, музычнага дырэктара Канадскай опернай кампаніі Іаханеса Дэбуса і рэжысёра Бартлета Шэра, якога "Нью-Ёрк Таймс" назвала адным з самых арыгінальных і захапляльных рэжысёраў не толькі ў амерыканскім тэатры, але і ў міжнародным свеце оперы, адбылася 26 верасня. Аксана Волкава будзе спяваць дзевяць спектакляў. Галоўную партыю паэта Гофмана выконвае бліскучы італьянскі тэнар Віторыа Грыгала, які выступае на сцэнах "Ла Скала", "Ковент-Гардэн" і іншых. У прэм'ерным спектаклі "Метраполітэн-опера" таксама прынялі ўдзел Эрын Морлі (Алімпія), Аніта Хартынг (Антонія / Стэла), Тара Эрат, Крыстаф Мартанье, Ларан Наўры.

Удзел у "Казках Гофмана" Афенбаха - не першае выступленне беларускай опернай дзівы ў легендарным "Метраполітэн-опера". Яе дэбют на нью-ёркскай сцэне адбыўся ў студзені 2013 года ў спектаклі "Рыгалета" Джузэпэ Вердзі. Партнёрамі Аксаны Волкавай па сцэне тады сталі сусветныя зоркі Дзіяна Дамрау, Жэлька Лучыч, Пётр Бечала.

Затым Аксана Волкава была запрошана прыняць удзел у прэм'ерным спектаклі Пятра Чайкоўскага "Яўген Анегін", што адкрываў новы тэатральны сезон у "Метраполітэн-опера". Яна выканала партыю Вольгі на адной сцэне з вядомай ва ўсім свеце Ганнай Нятрэбка ў ролі Таццяны. Пасля прэм'еры знатакі оперы з усяго свету змаглі ўбачыць прамую трансляцыю гэтага спектакля ў рамках грандыёзнага праекта The Met: Live in HD. У 2015 годзе на сцэне гэтага ж тэатра спявачка прыняла ўдзел у спектаклі "Лэдзі Макбет Мцэнскага павета" Дзмітрыя Шастаковіча.

Акрамя "Метраполітэн-опера", беларуская спявачка выступае на самых прэстыжных пляцоўках Расіі, Еўропы, Лацінскай Амерыкі - у Вялікім тэатры Расіі, міланскім "Ла Скала", Оперным тэатры Ніцы, тэатры "Масіма" ў Палерма, "Сан Карла" ў Неапалі, тэатры "Калон" у Буэнас-Айрэсе, Баварскай, Рыжскай оперы, а таксама ў Кітаі, Японіі і інш.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі