10 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Зборнік вершаў народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, які пабываў у космасе, сёння прадставілі ў Мінску. Выданне ўвайшло ў экспазіцыю "Зорнае неба" народнага мастака Беларусі Івана Міско, што адкрылася ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Памер выдання складае ўсяго 8,5х7 см. Мініяцюрная кніга была выдадзена ў 1972 годзе да 90-годдзя з дня нараджэння песняра.
На арбіту зборнік браў у 1975 годзе Пётр Клімук. Гэта быў другі палёт першага беларускага касманаўта. Лётчык пакараў зоркі ў якасці камандзіра касмічнага карабля "Саюз-18" разам з бортінжынерам Віталем Севасцьянавым. Касманаўты ажыццявілі палёт на арбітальнай навуковай станцыі "Салют-4", састыкаванай з касмічным караблём "Саюз-18". Сама-насам з Сусветам яны правялі больш як 60 сутак.
У кастрычніку 1975 года Пётр Клімук падарыў "зорны" томік Данілу Міцкевічу - сыну Якуба Коласа і першаму дырэктару музея. Супрацоўнікі музея прызнаюцца, што не помняць, калі ў апошні раз выстаўляўся зборнік. Гавораць: упершыню за апошнія 30 гадоў.
Выстаўка таксама знаёміць з чатырма дзясяткамі работ вядомага скульптара і мастака Івана Міско. Сярод іх - фотапартрэты Пятра Клімука, Уладзіміра Каваленкі, Аляксея Лявонава, Валянціны Церашковай з асабістага архіва Івана Міско. Акрамя таго, тут прадстаўлены бюст Юрыя Гагарына - адзіная скульптура касманаўта, якую Іван Міско ляпіў пасмяротна.
Выстаўка прымеркавана да Дня касманаўтыкі. Праект падрыхтаваны Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа сумесна з Музеем гісторыі горада Мінска. Палюбавацца "Зорным небам" жадаючыя змогуць да 24 красавіка.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|