Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

28 Mar 2019

Вызначаны пераможцы конкурсу перакладаў "Двувершаў" Максіма Багдановіча

Вызначаны пераможцы конкурсу перакладаў

28 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вызначаны пераможцы конкурсу на лепшы літаратурны пераклад з рускай на беларускую мову раней невядомага верша Максіма Багдановіча "Двувершы".

Першае месца заняла Мая Аляксандраўна Галіцкая (г. Буда-Кашалёва, Гомельская вобласць), другое месца прысуджана Віктару Іосіфавічу Лоўгачу (г. Мінск), трэцяе - Аксане Станіславаўне Гаўрылік (аграгарадок Ілья, Вілейскі раён, Мінская вобласць). Заахвочвальны прыз дастаўся Надзеі Уладзіміраўне Лазерка (г. Барысаў, Мінская вобласць).

"Прыемна, што наш праект знайшоў такі жывы водгук. Шчыры дзякуй усім, хто прыняў удзел у конкурсе! Прыйшла вялікая колькасць работ - больш за 500. Пасля праведзенай праверкі дакладная колькасць паўнацэнных заявак склала 442", - расказала старшыня журы генеральны дырэктар БЕЛТА Ірына Акуловіч.

Яна растлумачыла, што да конкурсу не былі дапушчаны няправільна аформленыя заяўкі, напрыклад, не быў пазначаны дакладны адрас аўтара перакладу або ўзрост канкурсанта. Былі выпадкі, калі адзін і той жа чалавек высылаў заяўку некалькі разоў: магчыма, удзельнікі хваляваліся, ці дойдзе іх пісьмо. Таксама не былі прыняты заяўкі ад асоб, якім на момант аб'яўлення конкурсу не споўнілася 16 гадоў, - прыйшло больш за 30 такіх перакладаў.

"Цікавы факт: жанчын-аўтараў сярод канкурсантаў было больш за 80 працэнтаў. Калі закрануць геаграфічны разрэз, то магу сказаць, што з усіх абласцей паступіла прыкладна аднолькавая колькасць заявак. Пры гэтым самымі актыўнымі былі вясковыя школы. Каля 80 працэнтаў перакладаў прадставілі юныя аўтары: навучэнцы 16, 17 і 18 гадоў. На жаль, менавіта работы падрастаючага пакалення можна ахарактарызаваць як даслоўны пераклад, з-за чаго верш, можна сказаць, пазбаўляўся мастацкай вобразнасці, рытму, а часам нават сэнсу. Але канкурсанты малайцы - не пабаяліся ўдзельнічаць у гэтым няпростым творчым спаборніцтве", - падкрэсліла старшыня журы.

Паводле слоў Ірыны Акуловіч, старэйшае пакаленне падышло да перакладу больш творча. "Гэта і нядзіўна, бо людзі, якія шмат чытаюць, асабліва правераныя часам кнігі, маюць шырокі слоўнікавы запас, фантазію. А сучасная моладзь, як мы ведаем, больш часу праводзіць у сацсетках і за праглядам кінафільмаў, чым за чытаннем класікаў айчыннай і сусветнай літаратуры. Але ўсё ж прыемна, што такая вялікая колькасць маладых людзей зацікавілася творчасцю нашага вялікага земляка Максіма Багдановіча", - адзначыла старшыня журы.

Узнагароджанне пераможцаў конкурсу адбудзецца 2 красавіка ў Нацыянальным прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь.

Арганізатарамі праекта выступілі Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы, Беларускае тэлеграфнае агенцтва, Інстытут сусветнай літаратуры імя А. М. Горкага Расійскай акадэміі навук, Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры (філіял "Літаратурны музей Максіма Багдановіча"), грамадскае аб'яднанне "Саюз пісьменнікаў Беларусі". У якасці прызоў ад Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы прадастаўлены камплекты кніг, якія стануць добрым папаўненнем дамашняй бібліятэкі.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі