21 чэрвеня, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Да XXXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" засталося 25 дзён. БЕЛТА прапануе акунуцца ў рэтраспектыву: штодзённа ў архіўных матэрыялах расказваем пра самыя яркія моманты кожнага фестывалю па гадах. Сёння - пра фестываль 2002 года.
У ХІ Міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", які прайшоў з 19 па 25 ліпеня, прынялі ўдзел артысты, спевакі, танцоры, музыканты, паэты, мастакі, кампазітары, рэжысёры з 27 краін свету. Упершыню гасцямі форуму сталі калектывы і выканаўцы з Бельгіі і Ірландыі.
У дзень старту фестывалю ў Віцебску адбылося адкрыццё праспекта Перамогі. У мерапрыемстве прыняў удзел Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
У 2002 годзе сцэну Летняга амфітэатра ўпрыгожыла традыцыйная выцінанка. Аўтарам сцэнаграфіі стаў вядомы тэатральны мастак Зіновій Марголін. На гала-канцэрце ўрачыстага адкрыцця фестывалю выступілі ансамбль "Песняры", Дзяржаўны акадэмічны ансамбль народнага танца пад кіраўніцтвам Ігара Майсеева, зоркі расійскай эстрады.

У гэтым годзе адзначалася 120-годдзе з дня нараджэння знакамітых беларускіх пісьменнікаў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Гэта тэма знайшла адлюстраванне ў многіх фестывальных праграмах. Гала-канцэрт майстроў мастацтваў Беларусі "Васільковае сузор'е" стаў прызнаннем у любові да роднай зямлі спевакоў, музыкантаў, танцораў з усіх абласцей краіны.
Галоўнай падзеяй Дня культуры Расіі стаў канцэрт, прысвечаны 300-годдзю Санкт-Пецярбурга. Таксама прайшла матчавая сустрэча па боксе паміж беларускімі і расійскімі спартсменамі і быў заснаваны "Славянскі кубак".

Запомніўся гледачам новы праект фестывалю - гала-канцэрт "Балканскія зоркі" з удзелам артыстаў з Балгарыі, Югаславіі, Македоніі, Босніі і Герцагавіны, Румыніі.
З сольнай праграмай на "Славянскім базары" выступіла народная артыстка Грузіі Тамара Гвердцытэлі. Прагучалі песні на рускай, грузінскай, французскай, англійскай мовах. Спявачка ўпершыню выканала пасвячэнне Віцебску і яго жыхарам - кампазіцыю "Скрыпач на даху".

Грузінская спявачка стала старшынёй міжнароднага журы конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2002", у якім вакальныя магчымасці прадэманстравалі 22 прадстаўнікі з 19 краін. Гран-пры заваяваў спявак з Югаславіі Зікі (Мілаван Зімавіч). З 2002 года лаўрэаты конкурсу атрымлівалі не толькі сертыфікаты і грашовыя прызы, але і прыз, выкананы віцебскім скульптарам Валерыем Магучым. У ім спалучалася элегантная пластыка і вобразна-сімвалічны пачатак. Аўтар стварыў фігуру жанчыны з паднятымі да сонца рукамі. Паводле задумы, гэта і сілуэт ліры, і абрыс Віцебскай ратушы. Кампазіцыя была ўвенчана васільком - галоўным сімвалам фестывалю. У яе аснове - пляцоўка, якая нагадвае па форме Летні амфітэатр, а побач надпіс - "Славянскі базар у Віцебску". Вышыня фестывальнага прыза - 43 сантыметры. З наступнага года ён атрымаў назву "Залатая ліра".
На Міжнародны конкурс дзіцячых канцэртных праграм прыехалі юныя артысты з дзесяці краін свету. Іх выступленне судзіла дарослае журы.

Таксама госці фестывалю наведалі творчы вечар кампазітара Юрыя Савульскага, песні якога знаёмыя многім. Калектыў музыкантаў Святланы Бязроднай выступіў з дабрачынным канцэртам. Збор ад яго быў пералічаны на аднаўленне Свята-Успенскага кафедральнага сабора ў Віцебску.
"Горад майстроў" размясціўся на плошчы перад ратушай, вуліцах Суворава і Талстога. У Віцебск прыехалі 300 народных умельцаў з усіх рэгіёнаў краіны, 80 з іх - члены Саюза майстроў Беларусі, якія здзівілі разнастайнымі вырабамі: кветкі з драўняных валокнаў і саломы, упрыгажэнні са скуры, аўтарскія работы з вышыўкай, берасцянкі і многае іншае.
Завяршыла фестываль канцэртная праграма "Танцуй да раніцы".
Асноўныя мерапрыемствы XXXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пройдуць з 16 па 19 ліпеня, а першыя канцэрты адбудуцца ўжо 14 ліпеня.
