Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

26 Лют 2019

Выстава творчых праектаў Валянціна Занковіча адкрыецца ў мемарыяле "Хатынь" 1 сакавіка

Выстава творчых праектаў Валянціна Занковіча адкрыецца ў мемарыяле
Фота Мінскага абласнога выканаўчага камітэта

26 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстава творчых праектаў Валянціна Занковіча "Следам за марай..." адкрыецца 1 сакавіка ў Дзяржаўным мемарыяльным комплексе "Хатынь". Фотадакументальная экспазіцыя пачне цыкл мерапрыемстваў, прысвечаных 50-годдзю з дня адкрыцця мемарыялаў "Хатынь" і "Курган Славы", паведаміў БЕЛТА дырэктар установы Артур Зельскі.

"Адкрыццё комплексу "Хатынь" у значнай ступені паўплывала на ўяўленне пра Беларусь і яе гістарычнае месца не толькі на савецкай прасторы, але і ў Еўропе, і нават у свеце. Мемарыял здабыў сусветную вядомасць, стаў знакавым месцам, своеасаблівай візітнай карткай краіны. Ён аб'яднаў у сабе памяць не толькі пра жыхароў вёскі Хатынь, па-зверску забітых карнікамі ў сакавіку 1943 года, але і пра ўсіх мірных людзей Беларусі, якія сталі ахвярамі нацыстаў. Творчая група аўтараў мемарыяла - архітэктары Юрый Градаў, Валянцін Занковіч, Леанід Левін і скульптар Сяргей Селіханаў - паказалі трагедыю ўсяго беларускага народа", - адзначыў Артур Зельскі.

На выставе можна ўбачыць мадэлі як ужо увасобленых работ Валянціна Занковіча, так і праектаў, якія на гэты момант рэалізаваны не былі, але засталіся ў мадэлях, макетах, планшэтах. Экспазіцыя дасць магчымасць прасачыць шлях ад першапачатковай задумы мастака да канчатковага яе ўвасаблення ў ландшафце.

Адкрыюць выставу мадэлі скульптур "Міхаіл Савіцкі", "Скрыпачка", "Паўлінка", аб'яднаныя тэмай мастацтва.

Асаблівае месца ў творчасці майстра займае тэма Вялікай Айчыннай вайны. У экспазіцыю ўвайшлі мадэлі скульптур, якія пакуль што не атрымалі ўвасаблення, - "Падпольшчык" і "За родную Беларусь". Апошнюю работу аўтар хацеў бы размясціць каля падножжа мемарыяльнага комплексу "Курган Славы", расказаў Артур Зельскі.

У планах Валянціна Занковіча дапоўніць мемарыяльны комплекс "Хатынь" музеем "Ахвярам фашызму", відазмяніць элемент мемарыяла "Вечны агонь". Аб'ёмныя макеты гэтых праектаў будуць прадстаўлены на выставе, а таксама мадэлі скульптурных кампазіцый "Вязень канцлагера" і "Ахвяра крывапіўцаў", праілюстраваныя каляровымі планшэтамі з выявай скульптур на фоне элементаў Хатыні.

Патрыятызм, любоў да роднай Беларусі і яе гістарычнай спадчыны раскрываюць скульптурныя кампазіцыі "Няміга" і "Белая Русь".

Асаблівую ролю ў жыцці Валянціна Занковіча адыграў Пётр Машэраў. Скульптар даўно марыць устанавіць яму помнік на адной з вуліц Мінска, праект якога таксама прадстаўлены на выставе. Побач са скульптурнай кампазіцыяй размешчаны планшэт з фатаграфіяй рэалізаванай работы майстра - мемарыяльнай дошкай Пятру Машэраву.

Завершыць экспазіцыю мадэль скульптуры "Радзіма-маці", якая з'яўляецца часткай стэлы "Мінск - горад-герой" - адной з самых вядомых архітэктурна-скульптурных кампазіцый Беларусі.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі