Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

15 Крс 2021

Вернутыя ў Беларусь кнігі і пісьмы Храптовічаў прадстаўлены ў НББ

Вернутыя ў Беларусь кнігі і пісьмы Храптовічаў прадстаўлены ў НББ

15 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстава "Кнігазбор Храптовічаў: на шляху вяртання" адкрылася сёння ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У Музеі кнігі НББ упершыню прадстаўлены ўнікальныя экспанаты: перапіска XIX стагоддзя прадстаўнікоў роду Храптовічаў і вернутыя з Германіі ў лютым 2020 года кнігі з іх знакамітай бібліятэкі ў Шчорсах. З таго часу рукапісы захоўваліся ў Нацыянальнай бібліятэцы. Вяртанне ажыццяўлялася намаганнямі дабрачыннага фонду "Шчорсы і Храптовічы". Са згоды апошніх уладальнікаў знойдзеныя каштоўныя дакументы былі перададзены ў Беларусь.

"Гісторыя гэтай выставы пачалася больш за стагоддзе таму. Яшчэ ў 1916 годзе ў Шчорсах праходзіла лінія фронту Першай сусветнай вайны. Цудоўны маёнтак Храптовічаў, адной з самых багатых сем'яў Беларусі, трапіў у эпіцэнтр ваенных дзеянняў. У падвале палаца размясціўся расійскі штаб, сам будынак не раз абстрэльваўся. Аднак нямецкія салдаты занялі ўвесь палац, які значна пацярпеў ад вайны. Сярод іх быў Юліус Херман, адукаваны чалавек, які ведаў цану кнігам. Ён убачыў раскіданыя выданні і пісьмы, усё сабраў і адправіў дадому па пошце. Вярнуўшыся дадому, ён доўгія гады вывучаў змест дакументаў, рабіў нататкі, а пасля смерці завяшчаў сваёй сям'і вярнуць кнігі на радзіму", - расказала дырэктар фонду Ганна Булда.

Паводле яе слоў, у 2019 годзе ўнук немца Хельмут Фікель звязаўся з фондам. "Перапіска завяршылася візітам у Германію, у выніку якога тры кнігі са збору Храптовічаў, перапіска знакамітага дыпламата Міхаіла Храптовіча са сваёй жонкай, а таксама нататкі самога Юліуса Хермана былі прывезены ў Беларусь", - дапоўніла Ганна Булда.

Як адзначылі арганізатары, некалі бібліятэка, якую пачынаў збіраць канцлер Іаахім Літавор Храптовіч у XVIII стагоддзі, лічылася адной з найбагацейшых ва Усходняй Еўропе і налічвала больш за 20 тыс. рукапісаў. На сёння старажытныя кнігі і перапіска на французскай мове з'яўляюцца вельмі каштоўнымі помнікамі свайго часу, якія дагэтуль нідзе не публікаваліся.

Падчас адкрыцця выставы адбылася афіцыйная перадача кніг і перапіскі Храптовічаў на захоўванне ў Нацыянальную бібліятэку. "Упэўнены, вяртанне, якое мы сёння фіксуем, надасць новы імпульс вяртанню спадчыны Храптовічаў на радзіму. Гэта знакавая падзея яшчэ раз даказвае, наколькі багатая беларуская кніжная культура, якія разнастайныя нашы культурныя адносіны з многімі краінамі свету і колькі нам трэба будзе яшчэ зрабіць, каб вярнуць страчаныя веды аб мінулым", - падкрэсліў намеснік генеральнага дырэктара - дырэктар па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці НББ Аляксандр Суша.

Акрамя таго, на выставе прапануюць убачыць мастацкія творы студэнтаў БНТУ, якія працавалі валанцёрамі ў летніх лагерах па добраўпарадкаванні маёнтка Храптовічаў у Шчорсах у 2018-2019 гадах.

Наведаць праект можна будзе да 30 красавіка.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі