Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

7 Apr 2016

Велакарнавал упершыню пройдзе ў Мінску

7 красавіка, Мінск /Аксана Каруна - БЕЛТА/. Велакарнавал адкрые 30 красавіка сезон у Мінску. Як паведаміў карэспандэнту БЕЛТА спецыяліст Мінскага гарадскога метадычнага цэнтра фізічнага выхавання насельніцтва Сяргей Буднік, у гэты дзень у сталіцы адбудзецца "Мiнскi велакарнавал VIVA Ровар".

Мерапрыемства арганізуецца з мэтай папулярызацыі веласіпеднага руху і прыцягнення мінчан да здаровага ладу жыцця.

Для ўдзелу велааматарам прапануецца ўпрыгожыць свой транспарт і падрыхтаваць карнавальны касцюм, адзначыў Сяргей Буднік. Акрамя таго, неабходна зарэгістравацца. "Гэта можна зрабіць як на сайце Мінскага веласіпеднага клуба, так і ў дзень карнавалу", - удакладніў спецыяліст Мінскага гарадскога метадычнага цэнтра фізвыхавання насельніцтва.

Месцам збору ўдзельнікаў вызначана пляцоўка каля стэлы "Мінск - горад-герой" (з 13.30 да 15.00). У зоне рэгістрацыі яны атрымаюць свой нумар і купон для ўдзелу ў розыгрышы. "Велакарнавал стартуе ў 15 гадзін па маршруце стэла - "Мінск-арэна" і назад. Потым у 16 гадзін ён перамесціцца ў парк Перамогі, дзе арганізуюць спартыўна-забаўляльную і культурную праграму (конкурсы, паказальныя выступленні і інш.)", - расказаў Сяргей Буднік. Для наведвальнікаў у парку будуць працаваць летнія кафэ.

Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць упраўленне спорту і турызму Мінгарвыканкама, службы і арганізацыі мэрыі, Мінскі веласіпедны клуб і Мінскае веласіпеднае таварыства. "Склад арганізатараў яшчэ не канчатковы і ў бліжэйшы час можа быць дапоўнены", - адзначыў субяседнік.

У Мінску абсталявана 27 км магістральных веладарожак, больш як 70 км адаптаваных пешаходна-веласіпедных дарожак і звыш 300 велапарковак. У мінулым годзе 38 пунктаў пракату прапаноўвалі больш як 1 тыс. веласіпедаў. Паводле ацэнкі, веласіпедамі ў сталіцы карыстаюцца больш як 300 тыс. гараджан.

Веласіпедны рух плануецца развіваць у Мінску. Так, цяпер распрацаваны архітэктурна-планіровачныя канцэпцыі двух веламаршрутаў з Мінска: "Аквапарк "Лябяжы" - МКАД - Ждановічы" і "Лагойскі тракт - МКАД - Раўбічы". У бягучым годзе будуць прапрацоўвацца пытанні вызначэння крыніц фінансавання праектаў і тэрмінаў іх рэалізацыі.

У гэтым годзе плануецца пачаць будаўніцтва веладарожкі ў Ленінскім раёне - ад вуліцы Якубава, 56 да Маякоўскага, 129 працягласцю каля 3 км. Гэты ўчастак будзе прымыкаць да магістральнай веладарожкі і стане сувязным з Лошыцкім паркам. Плануецца зрабіць сучаснае палатно з усёй неабходнай інфраструктурай. У Фрунзенскім раёне разглядаецца магчымасць будаўніцтва веладарожкі ў зялёнай зоне на ўчастку ад вуліцы Прытыцкага праз парк Цівалі.

У гэтым сезоне ва ўсіх парках сталіцы і ўздоўж магістральных веладарожак будуць устаноўлены стацыянарныя пункты харчавання для веласіпедыстаў. Атрымае далейшае развіццё сетка пунктаў пракату.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі