5 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вечары класічнай і джазавай музыкі, тэатралізаваныя паказы з цыкла "Старонкі гісторыі Мінска" пройдуць летам ля гарадской ратушы, паведаміў сёння на аператыўнай нарадзе ў мэрыі начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама Павел Скалабан, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Удзельнікамі праектаў, што палюбіліся мінчанам і гасцям сталіцы, стануць прызнаныя творчыя калектывы і выканаўцы з Беларусі, уладальнікі прэстыжных міжнародных узнагарод і папулярныя замежныя калектывы, артысты. Першы канцэрт з цыкла "Джазавыя вечары ля ратушы" запланаваны на 10 чэрвеня.
Павел Скалабан праінфармаваў, што план мерапрыемстваў, якія пройдуць на тэрыторыі Верхняга горада ў час летняга музычна-турыстычнага сезона, размешчаны на сайце Мінгарвыканкама. Па суботах ля ратушы праводзяцца гістарычныя рэканструкцыі, адбыліся праекты "Рыцарства на ўсе часы", "Мінск - горад прыгажосці", канцэрт "Усё лепшае дзецям", фестываль-кірмаш "Вясновы букет", фестываль ландшафтнай архітэктуры і дызайну, форум вулічных тэатраў.
13 мая стартаваў новы сезон праекта "Пешаходка", у рамках якога прайшоў фестываль вулічнай музыкі "Месца пад сонцам". Лепшыя выканаўцы атрымалі магчымасць выступаць на працягу года на 16 пляцоўках сталіцы, уключаючы пераходы метрапалітэна і гістарычны цэнтр.
Акрамя таго, на тэрыторыі Верхняга горада прадугледжана правядзенне 16 свят нацыянальных культур. Два з іх - беларускай культуры "Вытокі" і Дзень Швецыі - ужо адбыліся.