Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

23 Dec 2015

Узнагароджаны пераможцы Рэспубліканскага конкурсу інавацыйных праектаў

23 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі ўзнагародзілі пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу інавацыйных праектаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Наш конкурс ужо стаў традыцыйным, ён праходзіць шосты раз. Конкурс пачынаўся ў 2010 годзе, і тады было пададзена каля 40 заявак, у гэтым годзе мы атрымалі 161 заяўку. Расце і якасць праектаў, паляпшаецца іх прапрацоўка", - падкрэсліў перад цырымоніяй узнагароджання старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандр Шумілін.

Пераможцаў выбралі ў дзвюх намінацыях. Лепшым інавацыйным праектам стала распрацоўка загадчыка лабараторыі генетычных біятэхналогій навуковага аддзела РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі Анатоля Кустановіча "Тэст-сістэма для экспрэс-дыягностыкі генетычных парушэнняў пры анкагематалагічных захворваннях". Узнагароду за лепшы маладзёжны інавацыйны праект атрымаў навучэнец 11-га класа гімназіі нумар 29 Мінска Аляксандр Дубавіцкі за праект "Універсальны робат: Альтрон". "Робататэхніка як рынак у нас толькі зараджаецца, і вельмі прыемна, што першае месца атрымаў менавіта Аляксандр Дубавіцкі. Нягледзячы на малады ўзрост, ён пачынае ўжо арганізоўваць уласную справу, таму камісія аднагалосна прыняла рашэнне прысудзіць яму перамогу ў намінацыі "Лепшы маладзёжны інавацыйны праект" і выдзеліць грант для пачатку бізнесу", - падкрэсліў Аляксандр Шумілін.

"Усе праекты-прызёры прайшлі экспертызу і атрымаюць заключэнне Дзяржкамітэта аб тым, што з'яўляюцца інавацыйнымі. Адпаведна, яны могуць прэтэндаваць на рэсурсы і ўключэнне ў Дзяржаўную праграму інавацыйнага развіцця", - растлумачыў старшыня ДКНТ. Усяго ў гэтым годзе прызёрамі конкурсу сталі 12 чалавек - па 6 чалавек у кожнай намінацыі.

Традыцыйна на конкурсе былі прадстаўлены ІТ-сфера і біятэхналогіі. "Вельмі важна, што ўсе праекты, якія сталі пераможцамі, прадстаўляюць V і VI тэхналагічныя ўклады. Мы ацэньвалі праекты з пункту гледжання іх камерцыялізацыі і ў якасці экспертаў запрасілі прадстаўнікоў бізнес-супольнасці. Таксама была задзейнічана Асацыяцыя інавацыйных прадпрымальнікаў", - адзначыў Аляксандр Шумілін.

Рэспубліканскі конкурс інавацыйных праектаў ужо шосты раз праводзіцца Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях Беларусі пры ўдзеле Беларускага інавацыйнага фонду, Міністэрства адукацыі, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Асноўная мэта конкурсу - актывізацыя інавацыйнай дзейнасці ў Беларусі, стымуляванне рэалізацыі перспектыўных інавацыйных праектаў, садзейнічанне ў пошуку інвестыцыйнай падтрымкі інавацыйных праектаў, камерцыялізацыя вынікаў навуковых даследаванняў і распрацовак. За ўвесь час правядзення конкурсу ў ДКНТ паступіла каля 700 заявак ад удзельнікаў.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі