Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

13 Лют 2015

Узнагароды 54-га Нацыянальнага конкурсу "Мастацтва кнігі" ўручаны пераможцам

13 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Узнагароды 54-га Нацыянальнага конкурсу "Мастацтва кнігі" ўручаны сёння пераможцам на XXII Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Памятны знак-сімвал "Вялікі залаты фаліянт" і дыплом імя Ф.Скарыны - вышэйшая ўзнагарода конкурсу "Мастацтва кнігі". Гран-пры ў намінацыі "Трыумф" удастоены фотаальбом "Беларусь замкавая", выдадзены ААТ "Паліграфкамбінат імя Я.Коласа".

Адразу два выдавецкія праекты БЕЛТА сталі ўладальнікамі "Малых залатых фаліянтаў" 54-га Нацыянальнага конкурсу "Мастацтва кнігі". У спецыяльнай намінацыі "Перамога" (да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў) узнагарода прысуджана альбому "Перамога - адна на ўсіх", у спецыяльнай намінацыі "У люстэрку часу" (кнігі, выдадзеныя па заказе) - "Мінскі аўтамабільны завод. Вопыт сямі дзесяцігоддзяў".

Лепшым даведачным і энцыклапедычным выданнем у намінацыі "Залатыя скрыжалі" стала "Вялікая энцыклапедыя Вялікага тэатра Беларусі" выдавецтва "Беларуская Энцыклапедыя імя П.Броўкі".

Факсімільнае выданне "Тураўскае Евангелле. Туровское Евангелие. Turau Gospel" Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі атрымала "Малы залаты фаліянт" у намінацыі "Духоўнасць", а выданне "Кніжная спадчына Беларусі" выдавецтва "Беларуская Энцыклапедыя імя П.Броўкі" - у спецыяльнай намінацыі "За ўклад у захаванне духоўнай спадчыны".

Пераможцам 54-га Нацыянальнага конкурсу "Мастацтва кнігі" таксама стала кніга Стэфана Цвейга "Шахматная навела" (намінацыя "ЛІТ-фармат", выданні літаратурна-мастацкага напрамку).

У намінацыі "Разам з кнігай мы расцём" лепшай названа серыя кніг для дзяцей выдавецтва "Мастацкая літаратура": "Журавінк@": Васіль Зуёнак "Запішыце мяне ў мядзведзі", Віктар Гардзей "Сарочына цырульня", Васіль Жуковіч "Хто хацеў бы пакатацца?".

Фотаальбом Аляксандра Аляксеева, Алега Лукашэвіча "Скарбы Беларусі" выдавецтва "Чатыры чвэрці" стаў пераможцам у намінацыі "Фотапогляд".

З ліку выданняў па выяўленчым мастацтве, факсімільных, рэпрынтных, бібліяграфічных у намінацыі "АРТ-кніга" перамогу атрымала кніга Алега Радкевіча "Беларускі тэхналагічны ўніверсітэт у сілуэтах і вобразах". У намінацыі "Эўрыка" (навуковыя, навукова-папулярныя выданні) - кніга калектыву аўтараў "Нарысы гісторыі культуры Беларусі". У 2 тамах. Т.1 "Культура сацыяльнай эліты XIV - пачатку ХХ ст.", Т.2 "Культура гарадоў Х - пачатку ХХ ст." ("Выдавецкі дом "Беларуская навука").

У спецыяльнай намінацыі "Садружнасць" (сумесныя выдавецкія праекты) лепшай стала серыя кніг "Дзіцячая бібліятэка". Гэта работа выдавецтва "Кніжны дом" сумесна з польскім выдавецтвам Elzbieta Jarmolkiewicz.

У персанальнай намінацыі "Майстэрства" лепшым ілюстратарам кнігі названа Кацярына Дубовік за ілюстрацыі да кнігі Стэфана Цвейга "Шахматная навела", лепшым дызайнерам - Генадзь Мацур за арыгінальны дызайн кніг "Беларускі савецкі плакат", "Радзівілы. Нясвіж. Замак". Лепшым фотамастаком стаў Георгій Ліхтаровіч за вялікі ўклад у кніжную фатаграфічную культуру Беларусі (аўтарская фотаздымка альбомаў Вольгі Лабачэўскай "Сялянская энцыклапедыя ў творах Мікалая Тарасюка" і "Палескія былі Івана Супрунчыка", "Беларусь", "Мінск" і інш.).

Персанальны дыплом з уручэннем знака-сімвала "Малы залаты фаліянт" прысуджаны (пасмяротна) Наталлі Ванінай, дырэктару РУП "Выдавецтва "Пачатковая школа" - за вялікі асабісты ўклад у развіццё нацыянальнага кнігавыдання.

У 54-м Нацыянальным конкурсе "Мастацтва кнігі" прынялі ўдзел 46 выдавецтваў, што склала рэкордную колькасць за апошнія гады. Конкурсныя выданні першапачаткова былі разгледжаны мастацка-экспертнай камісіяй, затым - на пасяджэнні журы конкурсу. На суд журы было прадстаўлена 148 выданняў павышанай якасці.

Нацыянальны конкурс "Мастацтва кнігі" праводзіць Міністэрства інфармацыі Беларусі для вызначэння лепшых выдавецкіх праектаў, якія сталі падзеяй у нацыянальным кнігавыданні, павышэння мастацкай і паліграфічнай культуры беларускай кнігі, развіцця кніжнага мастацтва, папулярызацыі лепшых дасягненняў выдавецтваў рэспублікі за мінулы год.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі