Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

25 Ліс 2015

Упершыню беларускі павільён прадстаўлены ў парыжскім "Гран Пале"

25 лістапада, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Упершыню павільён беларускіх мастакоў і скульптараў прадстаўлены ў парыжскім выставачным комплексе "Гран Пале" на Елісейскіх палях, паведамілі БЕЛТА ў пасольстве Беларусі ў Францыі.

У выстаўцы Art en Capital, якая на працягу 60 гадоў штогод праводзіцца пад патранатам Прэзідэнта Францыі і міністра культуры Францыі, у гэтым годзе прымае ўдзел больш як 2 тыс. мастакоў і скульптараў больш як з 40 краін свету. Галоўным госцем гэтай выстаўкі з'яўляецца дэлегацыя Рэспублікі Карэя. Асобныя павільёны прадстаўляюць Беларусь, Іспанія, Канада, Кітай, Швецыя, Японія. Гледачу паказаны работы 11 сучасных беларускіх мастакоў і скульптараў: Віктара Альшэўскага, Юрыя Анушкі, Ганны Белавусавай, Алены Вентрыён-Макарэвіч, Ларысы Журавовіч, Максіма Петруля, Сяргея Парцянкова, Паўла Семчанкі, Аляксандра Слепава, Алеся Фалея, Валянціны Шоба.

Беларускі павільён арганізаваны пасольствам Беларусі ў Францыі пры садзейнічанні суайчынніка, у недалёкім мінулым вядомага опернага спевака, выкладчыка вакалу Аркадзя Валадося, які жыве ў Парыжы больш як 35 гадоў, а таксама пры садзейнічанні Нацыянальнага мастацкага музея, Культурнага цэнтра Беларусі ў Францыі.

На цырымоніі адкрыцця павільёна выступіў пасол Беларусі ў Францыі Павел Латушка, які падкрэсліў важнасць прадстаўлення беларускай школы выяўленчага і манументальнага мастацтва на адной з самых прэстыжных выставачных пляцовак. Пасол адзначыў, што ў беларускага жывапісу і скульптуры глыбокія гістарычныя карані. Беларусь ганарыцца такімі мастакамі і скульптарамі, як Іван Хруцкі, Валенцій Ваньковіч, Марк Шагал, Леон Бакст, Міхаіл Савіцкі, Заір Азгур, Андрэй Бембель. У гэтай беларускай выстаўцы разнастайнасць нацыянальнага мастацтва нанова адкрываецца французскаму гледачу. Творы беларускіх мастакоў убачаць больш як 40 тыс. гледачоў, якія штогод наведваюць выстаўку Art en Capital, яна ў гэтым годзе прадоўжыцца да 29 лістапада.

"Гран Пале" - Вялікі Палац прыгожых мастацтваў - быў узведзены ў 1897 годзе для Сусветнай выстаўкі, якая праходзіла ў 1900 годзе ў Парыжы. Цяпер тут штогод арганізуюцца буйныя міжнародныя выставачныя праекты.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі