Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

19 Лют 2019

Унікальны слоўнік канца XIX - пачатку ХХ стагоддзяў прэзентуюць у Мінску

Унікальны слоўнік канца XIX - пачатку ХХ стагоддзяў прэзентуюць у Мінску

19 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мерапрыемства "Слова як памяць", прымеркаванае да Міжнароднага дня роднай мовы і прысвечанае прэзентацыі "Расійска-беларускага слоўніка" гісторыка і педагога канца XIX - пачатку ХХ стагоддзя А. Ярушэвіча, адбудзецца 20 лютага ў філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея "Дом-музей I з'езда РСДРП", паведаміў карэспандэнту БЕЛТА вядучы навуковы супрацоўнік музея Андрэй Ляневіч.

"Расійска-беларускі слоўнік" - гэта ўнікальны помнік нацыянальнай лексікаграфіі, першы грунтоўны перакладны руска-беларускі слоўнік, створаны ў нацыянальнай мовазнаўчай навуцы ў пачатку яе станаўлення. Ён з'яўляецца адным з першых у айчынным мовазнаўстве даведнікам, які з максімальнай паўнатой адлюстроўвае багацце слоўнікавага фонду беларускай нацыянальнай мовы і з'яўляецца інфармацыйнай крыніцай аб яе стане ў канцы XIX - пачатку ХХ стагоддзяў", - расказаў Андрэй Ляневіч.

У слоўніку ўпершыню лексікаграфічную апрацоўку атрымалі больш за 13 тыс. слоў, беларускую частку якіх А. Ярушэвіч сабраў самастойна або праз сваіх карэспандэнтаў. "Унікальнасць слоўніка яшчэ і ў тым, што ён дае магчымасць азнаёміцца з лексікай розных рэгіёнаў Беларусі, у тым ліку з тымі словамі, якія сёння не так часта можна сустрэць у сучасным беларускім лексіконе", - падкрэсліў вядучы навуковы супрацоўнік.

Апублікаваная архіўная крыніца будзе запатрабавана сярод розных прадстаўнікоў гуманітарнай навукі і мае асаблівае значэнне. "Гэта не проста традыцыйнае слоўнікавае выданне, гэта нацыянальная навуковая спадчына, а таксама крыніца вывучэння побыту беларусаў на мяжы стагоддзяў, што дае змястоўныя звесткі аб сацыяльна-эканамічным жыцці, матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускага грамадства ў пэўны перыяд часу", - сказаў Андрэй Ляневіч.

Мерапрыемства падрыхтавана сумесна з Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. "Мы супрацоўнічаем ужо даўно з гэтым інстытутам. У мінулым годзе арганізоўвалі сумесныя лекцыі, прысвечаныя беларускай этнаграфіі, філалогіі, лінгвістыцы. Спадзяёмся, што і ў гэтым годзе будуць праходзіць сумесныя праекты. Дарэчы, нам вельмі прыемна, што такія мерапрыемствы запатрабаваны не толькі ў людзей старэйшага ўзросту, але і моладзі, якая цікавіцца беларускай мовай і этнаграфіяй", - дадаў вядучы навуковы супрацоўнік.

Як чакаецца, у прэзентацыі прымуць удзел дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігар Капылоў, загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Вераніка Курцова, прадстаўнікі навуковай грамадскасці краіны, а таксама студыя рэканструкцыі баляў Carnet de Bal, выхаванцы якой прачытаюць вершы беларускіх паэтаў. У наведвальнікаў будзе магчымасць паразмаўляць з калектывам, які займаўся сучаснай апрацоўкай выдання і падрыхтоўкай яго да друку.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі