XXXII Дзень беларускага пісьменства пройдзе ў Лідзе 6 і 7 верасня. Сёлета свята роднага пісьменства прысвечана 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, Году добраўпарадкавання, а таксама 500-годдзю з моманту выхаду першай беларускай друкаванай кнігі - "Апостала" Францыска Скарыны. Праграма абяцае быць насычанай і разнастайнай: ад прэзентацый кніг і літаратурных чытанняў да сучасных інтэрактыўных пляцовак, адкрыцця арт-аб'екта і музычных сюрпрызаў. Расказваем, чым запомняцца ўдзельнікам і гасцям маштабныя мерапрыемствы.
Адной з цэнтральных падзей свята стане традыцыйны Фестываль кнігі і прэсы. Увага - рэгіёнам. Упершыню іх пляцоўкі будуць выдзелены вялікімі павільёнамі. І гэта справядліва, бо кожная з абласцей мае свой унікальны літаратурны патэнцыял і кніжныя навінкі. Менавіта яны і іх аўтары апынуцца ў цэнтры ўвагі Дня пісьменства. У горад прыбудуць дэлегацыі рэгіянальных саюзаў пісьменнікаў - усяго больш за 100 чалавек. Яны прадставяць кнігі, правядуць аўтограф-сесіі.
- Гэта сур'ёзны крок, таму што мы заўсёды больш увагі ўдзялялі рэспубліканскім выдавецтвам і арганізацыям, якія задзейнічаны ў кнігавыданні. Але ж не менш захапляючае жыццё ў рэгіёнах, таму цікава раскрыць і паглядзець, што сёння цікавіць рэгіёны, чым яны жывуць, - заўважыў намеснік міністра інфармацыі Дзяніс Езерскі і ўдакладніў, што адбудуцца прэзентацыі праектаў грамадскіх арганізацый. - Многія з іх вядомы, яны праходзяць на працягу года. Але цікавай стане іх прэзентацыя на адной пляцоўцы. Нашы літаратурныя музеі, мемарыяльныя музеі Якуба Коласа і Янкі Купалы, Нацыянальная бібліятэка рыхтуюць вялікія экспазіцыі. Будуць таксама працаваць пляцоўкі ўстаноў адукацыі, спорту.
Запланавана і навукова-практычная канферэнцыя "Лідскія чытанні", якая традыцыйна праходзіць сумесна з НАН.
- Гэта даволі важкі ўклад у рэгіянальную навуку, таму што сёння спецыялістамі, навуковымі супрацоўнікамі Акадэміі навук вядзецца вялікая работа, якая будзе прадстаўлена ў рамках Дня пісьменства. Гэта скарбніца для далейшай працы мясцовых архівістаў, гісторыкаў. І ўсе гэтыя напрацоўкі застануцца ў месцах правядзення дзён беларускага пісьменства, - сказаў намеснік міністра.
У свяце, прысвечаным беларускай славеснасці, традыцыйна актыўны ўдзел прымае Саюз пісьменнікаў Беларусі. У складзе афіцыйнай пісьменніцкай дэлегацыі 116 чалавек - прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў краіны. У гістарычным музеі пройдзе вечар народнага пісьменніка Мікалая Чаргінца.
- Госцем стане народны артыст Беларусі Эдуард Ханок, - адзначыў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Карлюкевіч. - Вялікую праграму падрыхтавалі нашы гродзенскія калегі на чале са старшынёй Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Людмілай Кебіч.
Адным з галоўных літаратурных мерапрыемстваў традыцыйна стане падвядзенне вынікаў конкурсу на саісканне Нацыянальнай літаратурнай прэміі.
Падрыхтоўка да свята ў Лідзе пачалася загадзя. Таму ўжо цяпер, напярэдадні маштабнай падзеі, павольна прагульваючыся па горадзе, адзначаеш яго прыгажосць: абноўленыя фасады будынкаў, маляўнічы мурал з партрэтам Янкі Купалы, сучасная велапешаходная дарожка, уздоўж якой устаноўлены альтанкі ў стылі лофт... Райцэнтр, патанаючы ў яркіх фарбах больш як сотні тысяч кветак, радуе як мясцовых жыхароў, так і гасцей.
Яшчэ вясной Лідскі райвыканкам аб'явіў конкурс сярод арганізацый горада - было прапанавана стварыць сваю арт-лаўку. Галоўная ўмова - аб'ект павінен быць прымеркаваны да Дня пісьменства. Дзякуючы гэтай ініцыятыве бульвар Князя Гедыміна ўпрыгожвае 25 эксклюзіўных лавак, кожная з якіх - сапраўдны твор мастацтва. На спінцы адной красуецца аўтобус, побач з другой усталяваны вежавы кран, а трэцюю і ахоўвае рыцар у даспехах.
Адной з цэнтральных пляцовак стане Лідскі замак, уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны. Тут разгорнуцца розныя тэматычныя экспазіцыі. Госці змогуць наведаць зброевую і гарбарную майстэрні, кузню, рыцарскі лагер, лучны цір і нават пакаштаваць стравы, прыгатаваныя па аўтэнтычных рэцэптах. Удзельнікі клуба гістарычнай рэканструкцыі "Гівойт" (Мінск) правядуць паказальны рыцарскі турнір.
У Дні беларускага пісьменства гастранамічныя майстры прыгатуюць дзясяткі далікатэсаў, у тым ліку з лідскім каларытам, для гасцей і жыхароў горада. У дні свята ўсіх чакаюць і на ткацкім двары, дзе будзе прадстаўлена вялікая экспазіцыя: ад пражы да шэдэўраў мясцовага ткацтва. Таксама гасцям прапануюць прайсці майстар-клас у носьбітаў традыцый прадзення на калаўроце з верацяном, ткацкім станку. Кожны жадаючы зможа выткаць на памяць пояс або стужку.
Чырвонай ніткай на свяце пройдзе тэма 80-годдзя Вялікай Перамогі. Выстава "Вайна глядзіць скрозь кніжныя старонкі" праз прызму кніг, дакументаў, карцін, ілюстрацый, плакатаў, газет, фатаграфій і артэфактаў раскрые ўплыў ваеннага ліхалецця на лёсы людзей і беларускую культуру.
Упершыню на рэгіянальным узроўні адбудзецца круглы стол на тэму "80 гадоў Вялікай Перамогі: бібліятэчныя ініцыятывы і праекты", дзе прадставяць выставу рукапісных часопісаў і газет часоў Вялікай Айчыннай вайны з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі.
Жадаючыя наведаюць музей аб'ектаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны пад адкрытым небам "Захаваем спадчыну продкаў навечна". У яго экспазіцыі - прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва народных майстроў. Гасцей свята запросяць на майстар-клас "Аб'яднаемся рамёствамі". Для аматараў шахмат - арыгінальная выстава пад назвай "Шах у гісторыю". Тут будуць экспанавацца шахматы розных эпох, прадстаўленыя беларускімі музеямі.
Свае праекты ў выглядзе інтэрактываў прадставяць грамадскія арганізацыі.
Адной з галоўных тэм Дня пісьменства стане 500-годдзе выхаду першай беларускай кнігі - "Апостала" Францыска Скарыны.
- Гэта першая ў свеце Біблія, выдадзеная на кірыліцы - царкоўна-славянскай мове. У Ліду мы прывязём факсімільнае выданне кнігі "Апостал", зробленае ў фармаце "покетбук". Яе можна будзе ўбачыць у нашым павільёне на экспазіцыі "Код Скарыны: кніга "Апостал" 1525 года і беларуская ідэнтычнасць", - адзначылі ў сектары арганізацыі кніжных выстаў Нацыянальнай бібліятэкі. - Наша выданне ўключае ўсе захаваныя, прычым лепшыя, старонкі, якія беларускія вучоныя знайшлі ў 10 наяўных у розных бібліятэках і музеях свету экзэмплярах "Апостала".
Для гараджан і гасцей сталіцы Нацыянальная бібліятэка арганізуе друкаваную майстэрню "Падарожжа літары А ад Скарыны да тваёй гравюры". Кожны госць у імправізаванай сярэдневяковай друкарні зможа адчуць сябе Скарынам: сам надрукаваць буквіцу А з Апостальскай кнігі. Акрамя таго, гасцям прапануюць экспрэс-гульню "Францыск Скарына падарожнічае".
- Так людзі змогуць больш падрабязна даведацца аб гісторыі і тэхналогіях кнігадрукавання таго часу, фактах з жыцця і біяграфіі першадрукара, а таксама шмат новага і цікавага аб Нацыянальнай бібліятэцы і горадзе Ліда, - удакладнілі спецыялісты.
Недалёка ад грознага бронзавага Гедыміна і помніка Францыску Скарыну, што недалёка ад гасцініцы "Ліда", сядзіць на чамадане "Камандзіровачны", а каля гарадской лазні - "Парыльшчык". У дні свята адкрыюць яшчэ адзін - інклюзіўны - арт-аб'ект "Верабейкі" побач з домам лідскага пісьменніка Валянціна Таўлая, прысвечаны першаму вершу паэта.
- Ён прадстаўлены ў выглядзе раскрытай кнігі, на адной старонцы якой верш "Верабейкі" напісаны на беларускай мове, на другой - шрыфтам Брайля, які, дарэчы, выкарыстаны не выпадкова. У доме-музеі Таўлая праходзіць інклюзіўны праект "Перадай дабро па крузе", - удакладняе Наталля Леўшунова і дадае, што аўтарам ідэі стварэння арт-аб'екта стаў мясцовы скульптар Рычард Груша.
На свяце будзе шмат музыкі, танцаў, песень. Напрыклад, адбудзецца канцэрт Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь "Легенды старажытнага замка". Упершыню пройдзе харавы фестываль-конкурс "Лідскі хор-фэст", у якім прымуць удзел калектывы і вакальныя ансамблі ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, сярэдніх школ, музычных студый. Усяго больш за 40 калектываў, або 620 чалавек з Гродзенскай, Мінскай, Брэсцкай, Віцебскай і Гомельскай абласцей.
Удзельнікам і гасцям запомніцца яшчэ адзін яркі фестываль рэгіянальнага фальклору "Панямоння жыватворныя крыніцы" з выставай-кірмашом традыцыйных рамёстваў і майстар-класамі па народных танцах.
Учора ў Мінску стартавала навукова-асветная паломніцкая экспедыцыя "Дарога да святынь", якая штогод праходзіць напярэдадні Дня беларускага пісьменства. Перад пачаткам маршруту адбыўся малебен з удзелам Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. Было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Мінінфармам і БПЦ.
Па дарозе да ўдзельнікаў далучацца і маладыя пісьменнікі. У іх ліку паэтэса Кацярына Стройлава, аўтар васьмі літаратурных зборнікаў, дзе ёсць не толькі паэтычныя творы, але і аповесці з апавяданнямі. За адзін са зборнікаў - "Насустрач каханню" - паэтэса ўдастоена Нацыянальнай літаратурнай прэміі.
- У паломніцкай экспедыцыі ўжо чацвёрты раз, - расказвае Кацярына, якая ўжо сёння ў дарозе. - Будзем выступаць са сваімі вершамі ў школах, бібліятэках, духоўна-асветных цэнтрах, на літаратурных сустрэчах. У суботу і нядзелю плануем быць на Дні пісьменства ў Лідзе.
Тамара МАРКІНА,
газета "7 дней".