Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

3 Жнв 2016

У Мінску пройдзе VI Міжнародны форум тэатральнага мастацтва "ТЭАРТ"

У Мінску пройдзе VI Міжнародны форум тэатральнага мастацтва "ТЭАРТ"3 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. VI Міжнародны форум тэатральнага мастацтва "ТЭАРТ" пройдзе з 28 верасня па 20 кастрычніка ў Мінску, паведамілі БЕЛТА арганізатары.

У гэтым годзе "ТЭАРТ" пакажа 22 пастаноўкі разнастайных жанраў і форм з 9 краін свету: Беларусі, Расіі, Літвы, Польшчы, Венгрыі, Славеніі, Германіі, Францыі, Швейцарыі. Праграма фестывалю складаецца з трох секцый: міжнародная праграма, праграма "Belarus Open" і праграма дадатковых мерапрыемстваў. На фестывалі заяўлены вядомыя спектаклі і лепшыя ўзоры сучаснага беларускага і замежнага тэатра.

Фестываль пачнецца з паказаў беларускага шоукейса "Belarus Open", якія пройдуць з 28 верасня па 5 кастрычніка. Спектакль адкрыцця - незалежны тэатральна-музычны праект "З жыцця насякомых" рэжысёраў Святланы Бень і Дзмітрыя Багаслаўскага на музыку Валерыя Воранава. Прадоўжаць беларускую праграму пастаноўкі па матывах твораў рускіх класікаў: "На дне" Максіма Горкага ў інтэрпрэтацыі рэжысёра Магілёўскага абласнога тэатра лялек Ігара Казакова і "Крэйцэрава саната" Льва Талстога ў прачытанні Саўлюса Варнаса з Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра. Беларуска-польская пастаноўка Паўла Пасіні па матывах паэмы Адама Міцкевіча "Дзяды" Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы закрые нацыянальную праграму 5 кастрычніка.

Моладзь зацікавяць спектаклі аб "героях нашага часу", якія змагаюцца з выклікамі сучаснасці: "Саша, вынесі смецце" Дзмітрыя Багаслаўскага па п'есе маладога ўкраінскага драматурга Наталлі Варажбіт і "Опіум" Аляксандра Марчанкі - першы тэатральны праект, створаны з дапамогай фінансавання гледачоў на краўдфандынгавай пляцоўцы. Таксама публіку здзівяць беларуская каманда эксперыментатараў penAtra(C)tion-VII і танцавальны перформанс "Прадметная размова" Вольгі Скварцовай, якія імкнуцца паказаць разнастайнасць беларускага перфарматыўнага мастацтва. Трэба адзначыць форму пастаноўкі "Беларусь 4:33. Горад сонца кропка нуль", створанай па кнізе Артура Клінава "Мінск: малая падарожная кніжка па Горадзе Сонца". Працуючы з ідэямі пісьменніка, Таня Арцімовіч і Антон Сарокін ствараюць вобразы глабальнай і лакальнай сучаснасці, ператвараючы твор у выставачна-мультымедыйны праект.

Лялечныя спектаклі, якія палюбіліся ўжо мінчанам, зноў уключаны ў праграму "ТЭАРТа". Гледачы атрымаюць асалоду ад класікі старажытнагрэчаскай літаратуры ў пастаноўцы ўладальніка Расійскай Нацыянальнай тэатральнай прэміі "Залатая маска" Аляксея Ляляўскага. "Птушкі" - адна з самых папулярных камедый Арыстафана - абавязковая для прагляду летуценнікам і ўтапістам. Гэта не адзіная работа праслаўленага беларускага лялечнага мэтра ў афішы фестывалю: 4 кастрычніка на сцэне Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра пакажуць "Візіт старой дамы" Гродзенскага абласнога тэатра лялек, які створаны па творы Фрыдрыха Дзюрэнмата. Яшчэ адзін лялечны спектакль - "Фро" Брэсцкага тэатра лялек - пастаўлены па матывах аднайменнага апавядання Андрэя Платонава. Інсцэніраваная галоўным рэжысёрам Вялікага тэатра лялек лаўрэатам Расійскай нацыянальнай тэатральнай прэміі "Залатая маска" Русланам Кудашовым гісторыя разлукі кране сэрца любога ўзросту.

Міжнародную праграму 6 кастрычніка адкрые Нацыянальны харэаграфічны цэнтр Ла-Рашэлі з цудоўным танцавальным падарожжам "Карані", якое спалучае электронную музыку, мелодыі Брамса і Глазунова, а таксама надзвычай яркую пластыку і свабоду хіп-хопа.

Падарункам для мінскіх гледачоў стануць "нобелеўскія пастаноўкі". Любімец мінчан Оскарас Каршуновас пакажа ў Беларусі "Апошнюю стужку Крэпа" тэатра ОКТ па творы Сэмюэля Бэкета з Юозасам Будрайцісам у галоўнай ролі. Рэжысёр Уладзімір Пятровіч з Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра прывязе ў сталіцу перанесены на сцэну твор галоўнага літаратурнага трыумфатара года - "Час сэканд хэнд" Святланы Алексіевіч.

У гонар 400-годдзя з дня смерці Уільяма Шэкспіра ў праграму "ТЭАРТа" ўвайшлі спектаклі па знакамітых творах брытанскага генія. Нацыянальны славенскі тэатр пакажа яркую "Трагедыю Макбета" ў пастаноўцы Ігара Пізона. Яшчэ адным сюрпрызам для мінчан стане трагікамедыя "Мера за меру" Дэклана Донелана, які атрымаў Залатога льва на Венецыянскім біенале 2016 года. Пастаноўка, створаная Маскоўскім драматычным тэатрам імя А.С. Пушкіна сумесна з брытанскай тэатральнай кампаніяй Cheek by Jowl, стала адной з самых абмяркоўваемых культурных падзей Масквы. Ролю Лючыа ў спектаклі выканаў Аляксандр Фяклістаў - кіна- і тэатральны акцёр, лаўрэат прэмій "Залатая маска" і "Чайка".

Са швейцарскай Лазаны ў Беларусь прыедзе трупа тэатра Відзі-Лазан са спектаклем "Кінг сайз" Крыстафа Марталера - пяшчотная і меланхалічная музычная гісторыя кахання. Музыкай напоўнены і спектакль "Шапэн без фартэпіяна" Варшаўскай тэатральнай кампаніі Сentrala. Актрыса Барбара Высоцка і рэжысёр Міхал Задара ствараюць эксперыментальны па форме твор: з двух фартэпіянных канцэртаў Фрыдэрыка Шапэна яны ліквідавалі ўсю фартэпіянную частку, замяніўшы яе на акцёрскі маналог.

Вядомы венгерскі кіна- і тэатральны рэжысёр Корнель Мундруца даследуе чалавечую прыроду, узнімаючы праблему спагады да людзей з псіхічнымі асаблівасцямі ў спектаклі "Дэменцыя". Нягледзячы на складанасць тэмы пастаноўка поўная гумару, танцаў і песень, якія перанясуць гледача з сацыяльнай драмы ў эксцэнтрычны мюзікл.

Развагамі аб грамадстве і яго каштоўнасцях таксама напоўнены спектакль-капрадукцыя Тэатра Гановера і Рурскага тэатральнага фестывалю "Місія. Успаміны аб адной рэвалюцыі" па п'есе буйнейшай фігуры нямецкага тэатра Хайнера Мюлера. Галоўныя героі прыбываюць на Ямайку, каб распаўсюдзіць ідэі "свабоды, роўнасці, братэрства" сярод рабоў.

Спектакль "Горад. Жаніцьба. Гогаль" Юрыя Бутусава - лаўрэат вышэйшай пецярбургскай тэатральнай прэміі "Залаты сафіт" у намінацыі "Лепшы спектакль на вялікай сцэне" - закрые Міжнародны форум тэатральнага мастацтва "ТЭАРТ 2016" 19 і 20 кастрычніка. На сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы выступяць зоркі расійскай тэатральнай сцэны: Ганна Кавальчук - лаўрэат вышэйшай пецярбургскай тэатральнай прэміі "Залаты сафіт" у намінацыі "Лепшая жаночая роля", Сяргей Мігіцко, Яўген Філатаў, Аляксандр Новікаў - лаўрэаты вышэйшай пецярбургскай тэатральнай прэміі "Залаты сафіт" у намінацыі "Лепшы акцёрскі ансамбль".

Білеты на спектаклі ў бліжэйшы час паступяць у продаж. Арганізатары Міжнароднага форуму тэатральнага мастацтва "ТЭАРТ": Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў "АРТ Карпарэйшн" і ААТ "Белгазпрамбанк", генеральны партнёр - ААТ "Газпрам трансгаз Беларусь". Форум пройдзе пры падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі і Мінскага гарвыканкама.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі