Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

3 Mar 2020

У Беларусі зарэгістраваны тры выпадкі каранавіруса - Міністэрства аховы здароўя

У Беларусі зарэгістраваны тры выпадкі каранавіруса - Міністэрства аховы здароўя
Фота з архiва

3 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі зарэгістраваны тры выпадкі каранавіруса, паведаміла журналістам намеснік міністра аховы здароўя - галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Наталля Жукава, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У нас зарэгістраваны ўжо тры выпадкі з высокай ступенню дакладнасці. Сёння мы прынялі рашэнне, што накіруем атрыманыя вынікі ў адну з рэферэнс-лабараторый СААЗ, каб пацвердзіць выпадкі, якія мы выявілі", - сказала Наталля Жукава. Намеснік міністра пры гэтым дадала, што ў рабоце беларускіх лабараторый яна ўпэўнена.

Жыхарка Віцебска, у якой выяўлены фрагмент РНК, што, верагодна, належыць тыпу каранавіруса 2019-nCoV, знаходзіцца ў баксіраванным аддзяленні інфекцыйнай бальніцы, яе стан здавальняючы. У жанчыны нармальная тэмпература, яна практычна здарова.

Два пацыенты ў Мінску адчуваюць сябе таксама нармальна, у аднаго з іх нават не было павышанай тэмпературы. "На гэты час мы проста кантралюем сітуацыю. У выпадку ўзнікнення нейкіх сімптомаў гатовы аказаць дапамогу", - дадаў загадчык кафедры інфекцыйных хвароб БДМУ, доктар медыцынскіх навук, прафесар Ігар Карпаў.

Усяго па краіне пад меднаглядам знаходзіцца 271 чалавек.

Як растлумачыла начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі, экспертызы, зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб Міністэрства аховы здароўя Алена Богдан, усе тры пацыенты былі выяўлены ў выніку прафілактычных абмежавальных мер. "Мы своечасова з моманту аб'яўлення сітуацыі СААЗ як пагражальнай, як сітуацыі, якая патрабуе асаблівага кантролю, пачалі такое прэвентыўнае абмежаванне па асобах, якія вярталіся з Кітая, потым да гэтай краіны дабавіліся Італія, Іран і Рэспубліка Карэя", - сказала яна.

Пацыенты, якія прыбылі з гэтых чатырох краін і знаходзяцца ў кантактных цэнтрах, будуць там 14 дзён, гэта значыць, на працягу магчымага інкубацыйнага перыяду развіцця каранавіруснай інфекцыі. Пры ўзнікненні ў іх прыкмет вострага рэспіраторнага захворвання пацыенты абавязкова накіроўваюцца ў інфекцыйную бальніцу для верыфікацыі дыягназу. Разам з аналізам на каранавірус у іх бяруць аналіз на іншыя вірусы рэспіраторнай групы, каб дакладна ўстанавіць, якая прырода захворвання.

"Калі ў людзей не пацвярджаецца каранавірус, яны вяртаюцца ў кантактны цэнтр або на перапрафіляваны ложак, каб завяршыць там лячэнне і нагляд на працягу 14 дзён", - адзначыла Алена Богдан. Яна звярнула ўвагу, што тыя захворванні, якія пакуль выяўляюцца, у звычайнай сітуацыі не патрабавалі б шпіталізацыі, а часта - нават вызвалення ад работы або навучання.

Існуючы парадак абследавання эпідэміялагічна абгрунтаваны і адпавядае той сітуацыі, якая сёння назіраецца ў Беларусі, дадала Наталля Жукава. Перш за ўсё абследуюць тых, хто наведаў нестабільныя па каранавірусе краіны, з'яўляецца блізкім або кантактным у адносінах да захварэлага. Таксама гэта датычыцца людзей з характэрнымі сімптомамі, што не выключаюць інфекцыю, якія пры гэтым наведвалі названыя краіны. Пры ўзнікненні падазрэнняў неабходна адразу ж звярнуцца да ўрача. Абследаванне на каранавірус праводзіцца толькі па назначэнні ўрача і ў сувязі з пэўнай сітуацыяй, аб якой размова ішла вышэй.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі